імгла, ‑ы, ж.
1. Ападкі ў выглядзе вельмі дробных кропелек вільгаці; імжа. Над хатай Біруковых шумела рабіна, бо вецер пабольшаў і восеньская імгла пачынала пераходзіць у дробны дождж. Кулакоўскі. Імгла дробнымі кропелькамі асядала на суконную світку, на шапку, на твар. Чарнышэвіч. // Крышталікі інею ў паветры, дробны снег. Марозная імгла. ▪ Час прыйшоў ўставаць, пачынала світаць. За мяцельнай трухою дарог не відаць. Як развітваўся з ёй, снег сляпіў іх імглой. Куляшоў.
2. Пялёнка туману, дыму, пылу; смуга. А магчыма, тут і сапраўды стаяла імгла з выпарэнняў і пылу. Карпаў. Мы багну ўздымалі з адвечнай дрымоты, Каналамі рэзалі нетры балотаў — І з тванню знікала туманаў імгла. Броўка.
3. перан. Пра тое, што перашкаджае добра бачыць, успрымаць навакольнае. Стаіць пастух, А вочы наліваюцца імглой... Танк. // Выраз смутку, задуменнасці на твары, у вачах і пад. Накрыла ясны твар дзявочы Задумы сумная імгла. Багдановіч.
4. перан. Пра што‑н. невыразнае, незразумелае, забытае. З імглы ўспамінаў ўстаюць: Пакінутыя лес і нівы, Дзе хмары над рачным абрывам Чаўнамі белымі плывуць. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)