імча́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. імчаць (у 1 знач.), імчацца (у 1 знач.).
імча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.
Вельмі хутка перамяшчацца, ехаць, бегчы; несціся. Цягнік імчыцца. □ Весела званілі трамваі, з шумам імчаліся па вуліцах машыны, людзі спяшаліся на работу. Якімовіч. Сытыя стаеннікі імчацца, Ад язды ўгінаецца зямля. Панчанка. Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані. Колас.
імча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. каго-што. Хутка везці, несці каго‑, што‑н. Газік імчаў Рыбіна па ціхай лясной дарозе. Пестрак. Як поезд імчаў Сцёпку ўсё далей і далей, яго пачалі забіраць думкі аб горадзе, аб паступленні на рабфак. Колас.
2. Разм. Тое, што і імчацца. З гары ад парку порстка імчала грузавая машына. Скрыган. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспявай кіраваць вяслом. Гамолка.