імкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; незак.
1. Хутка рухацца, накіроўвацца куды‑н. Жылы дрэў напоўніліся сокам, Ручаі імкнуцца да ракі. Панчанка. [Вада] не тоўпіцца ў берагах, імкнецца напрасткі. Колас. // перан. Адчуваць цягу да каго‑, чаго‑н. Крамарэвіч.. імкнуўся да Колі як да нейкага неабходнага апірышча сваёй душы. Чорны. [Сяргей] звычайна гаварыў толькі пра свой полк, і ўжо гэтага было дастаткова, каб зразумець, што ўсімі думкамі сваімі ён быў там, сярод авіятараў, імкнуўся да іх. Сіўцоў.
2. Старацца трапіць куды‑н., быць дзе‑н. або стаць кім‑н. У Маскву, як у сталіцу міру, усе імкнуцца. Няхай. Не бойся ліхое напасці, — Мы знаем, Ў якую імкнешся ты даль, Якога шукаеш ты шчасця! Вітка.
3. Старацца дасягнуць чаго‑н., настойліва дамагацца чаго‑н. Імкнуцца да міру. □ І мне здалося, што.. сын [Белавуса] Барыс нават імкнецца так хадзіць, як ходзіць яго бацька, і так з людзьмі размаўляць, як яго бацька размаўляе. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)