Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цюк 1, ‑а, м.

Вялікі звязаны пакунак тавару; вялікая звязка чаго‑н. Адзін [вярблюд] стаіць наўючаны рознымі цюкамі. Жычка. Макоўчык сеў на цюк спрасаванага сена, накрытага папонай. Мележ.

[Гал. tujk.]

цюк 2, выкл.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння стуку. Цюк... Цюк... — стукаў далёка ў лесе галодны з ночы дзяцел. Пташнікаў.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. цюкаць — цюкнуць і цюкацца — цюкнуцца. Цюк у шыбу і разбіў.

цюкава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цюкаваць.

цюкава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. да цюкаваць.

2. у знач. прым. Упакаваны, звязаны ў цюкі. Цюкаванае сена.

цюкава́цца, ‑куецца; незак.

Зал. да цюкаваць.

цюкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

Увязваць; упакоўваць, пакаваць у цюкі. Цюкаваць салому.

цю́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Ударацца аб што‑н. з лёгкім стукам; стукацца.

цю́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, у што, чым і без дап.

Разм.

1. Удараць, утвараючы стук. Вяха не лезла ў балота, хоць ты што. Цюкала пад вадой у нешта цвёрдае, як лёд. Пташнікаў. З двара зусім добра чуваць, як там цюкаюць сякеры. Брыль. // Рабіць што‑н., удараючы, стукаючы чым‑н. Міця сядзіць на дрывотні, асцярожна цюкае малатком па галоўцы патрона — каб вываліўся капсуль. Навуменка. Хведар, Дамецік, Грыбок у лесе не былі: з ранку цюкалі на выгане, рыхтавалі шулы. Мележ. Яна [Валянціна Міхайлаўна] цюкала каменем па падэшве, і падэшва крышылася і сыпалася на зямлю трухою. Васілевіч. / Пра птушак. Уверсе на яліне, пад якой сядзеў Алеська, цюкаў дзяцел. Хомчанка.

2. Біцца, пульсаваць (пра сэрца). Два родныя сэрцы, мацеры і сына, цюкалі ў грудзях. Гартны.

цю́кнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад цюкнуць.

цю́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Аднакр. да цюкацца.

цю́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Аднакр. да цюкаць.

2. каго. Забіць, прыкончыць. Шалёная думка была мільганула ў Міхася — цюкнуць шаўца табурэткай па галаве — і канцы ў ваду. Асіпенка. [Арцём:] Прыйшлі мы, вартавога цюкнулі, сувязнога гэтага для адводу звязалі. Брыль. // што. Надбіць. Цюкнуць яйцо.

3. Выпіць. Цюкнуць чарачку.

4. безас. перан. Раптоўна з’явіцца, узнікнуць (пра намер, думку, план і пад.). Адразу ж, у той жа момант, [Базылю] цюкнула: у гэтай варэйцы схавана Язэпава золата. Сачанка.

•••

Цюкнуць у галаву — тое, што і стукнуць у галаву (гл. стукнуць). Тут толькі хлопчыку цюкнула ў галаву: а што калі там Гараська прачнуўся ды выкуліўся з калыскі. Сабаленка.