цю́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, у што, чым і без дап.

Разм.

1. Удараць, утвараючы стук. Вяха не лезла ў балота, хоць ты што. Цюкала пад вадой у нешта цвёрдае, як лёд. Пташнікаў. З двара зусім добра чуваць, як там цюкаюць сякеры. Брыль. // Рабіць што‑н., удараючы, стукаючы чым‑н. Міця сядзіць на дрывотні, асцярожна цюкае малатком па галоўцы патрона — каб вываліўся капсуль. Навуменка. Хведар, Дамецік, Грыбок у лесе не былі: з ранку цюкалі на выгане, рыхтавалі шулы. Мележ. Яна [Валянціна Міхайлаўна] цюкала каменем па падэшве, і падэшва крышылася і сыпалася на зямлю трухою. Васілевіч. / Пра птушак. Уверсе на яліне, пад якой сядзеў Алеська, цюкаў дзяцел. Хомчанка.

2. Біцца, пульсаваць (пра сэрца). Два родныя сэрцы, мацеры і сына, цюкалі ў грудзях. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)