Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рыхлава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху, злёгку рыхлы. Ціхі лютаўскі дзень. Невялікі марозік. Глыбокі рыхлаваты снег, пакрыты пасля адліг лёдавай скарынкай. Самусенка.

ры́хласць, ‑і, ж.

Уласцівасць рыхлага. Рыхласць глебы. □ Нягледзячы на незакончанасць і кампазіцыйную рыхласць рамана «Ідзі, ідзі», ён быў значным для свайго часу творам. Адамовіч.

рыхле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рыхліць.

рыхле́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца рыхлым, рыхлейшым. Снег рыхлее.

рыхлі́цель, ‑я, м.

Сельскагаспадарчая прылада для рыхлення глебы.

рыхлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Рабіць рыхлым (у 1 знач.), мяккім. Рыхліць глебу. □ Валянціна Сямёнаўна махнула рукою і прамовіла: — Ой, ля буракоў работы многа, ой, многа. Трэба ж потым рыхліць пасевы і што найбольш адбірае часу, гэта палоць... Пестрак.

ры́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Порысты, рассыпісты, мяккі. Рыхлы снег. Рыхлая глеба. □ Міхаіл .. пайшоў хутчэй, коўзаючыся па цвёрдай, прыбітай і слізкай сцежцы, пападаючы нагамі ў рыхлую раллю. Самуйлёнак. // Які лёгка рассыпаецца, ломіцца, крышыцца. Рыхлыя пароды. □ Лёд нават тоўсты робіцца рыхлым, лёгка праломліваецца. «Беларусь». // перан. Такі, у якім недастаткова звязаны паміж сабою часткі, сюжэтныя лініі, асобныя сцэны і пад. (пра мастацкія, навуковыя творы і пад.). Рыхлая кампазіцыя.

2. Пазбаўлены пруткасці, залішне пухлы, друзлы (пра цела, твар). Цела .. [у чалавека] нездаровага, надзвычай белага, колеру было рыхлае, як студзень. Чарнышэвіч. Круглы, крышку рыхлы твар свяціўся дабратою і спакоем. Грахоўскі.

рыхт, ‑у, М ‑хце, м.

Разм. У выразе: рыхт у рыхт — таксама, дакладна так або такі самы, дакладна такі. На крок за .. [Іванам] двое спадарожнікаў, такіх жа барадатых .. і ўзброеных рыхт у рыхт, як іхні правадыр, моўчкі пазіралі на пазаміраўшых ад цікавасці вучняў. Лужанін.

рыхтава́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для рыхтоўкі. Рыхтавальная машына.

рыхтава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рыхтаваць ​1.