ры́на, ‑ы, ж.
Абл. Металічная труба для сцёку дажджавой ці снегавой вады з даху; вадасцёк. Толькі цяпер угледзеў, што рына на доме вісіць зусім крыва. Карпюк. Калі ж, нарэшце, раннім ранкам Гром грымне, дождж заплешча ў рынах, Ён [Я. Колас] выйдзе радасны на ганак З усмешкай мудрай селяніна! Лойка.
ры́нак, ‑нку, м.
1. Месца рознічнага гандлю спажыўнымі прадуктамі і іншымі таварамі; базар. Усё лета вазілі гуркі, памідоры, капусту на калгасны рынак. Шамякін. Прыехаў пан у горад, пераначаваў, а назаўтра пайшоў на рынак шукаць аўса. Якімовіч. Пакуль [Маша] схадзіла на рынак, купіла свежай гародніны ды бялізну памыла, і дзень праляцеў. Гроднеў.
2. Спец. Сфера таварнага абарачэння, сістэма эканамічных сувязей паміж таваравытворцамі. Знешні рынак. Унутраны рынак. Сусветны рынак.
•••
Агульны рынак — міжнароднае дзяржаўна-манапалістычнае аб’яднанне.
рынало́гія, ‑і, ж.
Раздзел медыцыны, які вывучае хваробы носа.
[Грэч. rhis, rhinos — нос і logos — вучэнне.]
рынапла́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Аднаўленне носа або выпраўленне яго формы з дапамогай пластычнай хірургіі.
рынапласты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рынапластыкі. Рынапластычная аперацыя.
рынаско́п, ‑а, м.
Люстра для агляду поласці носа.
[Ад грэч. rhís (rhínos) — нос і skopeō гляджу.]
ры́начны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рынку (у 1 знач.), прызначаны для яго, уласцівы яму. Рыначная плошча. Рыначная цана. Рыначная мітусня.
2. Які мае адносіны да рынку (у 2 знач.); які вызначаецца попытам і прапановай. Рыначныя адносіны. Рыначныя фонды.
рынг, ‑а, м.
Абгароджаная канатам плошча для спаборніцтваў па боксу. Вось і зараз Вараціла ішоў з гарадскога парку, дзе проста на траве, пад старымі ліпамі быў рынг. Карпюк. Незвычайную сабранасць адчувае баксёр перад выхадам на рынг. «Беларусь».
[Англ. ring.]
ры́нда 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, м.
Гіст. Ганаровае званне збраяносца і целаахоўніка маскоўскіх князёў і цароў XIV–XVII стст.
ры́нда 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Уст. Бой у звон на парусных суднах у знак таго, што наступіў поўдзень.
2. Суднавы звон.
[Ад англ. ring — званіць.]
рыні́т, ‑у, М ‑ніце, м.
Запаленне слізістай абалонкі носа; насмарк.
[Лац. rhinitis ад грэч. rhis, rhinos — нос.]