Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рыс, ‑у, м.

Расліна сямейства злакавых, якая вырошчваецца на спецыяльным затопленым полі ў краінах з цёплым кліматам. // зб. Белае прадаўгаватае зерне гэтай расліны як харчовы прадукт.

[Ад грэч. oryza.]

ры́са, ‑ы, ж.

1. Вузкая палоска, лінія. Правесці рысу.

2. Лінія (існуючая ці ўяўная), якая раздзяляе што‑н.; рубеж. Рыса пад’ёму ўзроўню вады. □ Сцяпан яшчэ раз з усмешкай зірнуў на мяне і прыцішыў ход: мы праязджалі гарадскую рысу, і наперадзе былі ўжо добра відаць прыгожыя дамы Зялёнага Луга. Ляўданскі.

3. звычайна мн. (ры́сы, рыс). Сукупнасць частак, ліній, якая стварае характэрнае аблічча (звычайна ў спалучэнні: рысы твару). Гэта быў каўказскага тыпу чалавек з рэзкімі рысамі твару. Новікаў. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Шамякін.

4. перан. Прыкмета, асаблівасці якасць. Рысы характару. Рысы новага чалавека. □ Неабходна адзначыць такую важную рысу ў характарах герояў Кузьмы Чорнага, як жыццярадаснасць, аптымізм, захапленне жыццём. Кудраўцаў.

•••

Падвесці рысу гл. падвесці.

У агульных рысах — без падрабязнасцей.

рысава́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для рысавання. Рысавальная папера.

рысава́льшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца рысаваннем, хто робіць малюнкі для чаго‑н. Аднаму астрожнаму рысавальшчыку сябры далі тэму: нарысаваць звычайнага чорнага жука, даць яму ў лапку ручку з пяром. Колас. Рысавальшчыкам Мінін быў горшым, чым гравёрам. Шматаў.

рысава́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да рысавальшчык.

рысава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рысаваць. // Мастацтва рысаваць як прадмет навучання. Апошні ўрок — рысаванне.

рысава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рысаваць.

рысава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.

1. Віднецца, вылучацца (сваім колерам, абрысамі і пад.) на фоне чаго‑н. На тым баку, за жытнёвым полем, рысаваліся на блакіце неба стрэхі. Васілёнак.

2. перан. Паўставаць у чыім‑н. уяўленні. Вобраз пані з чорнымі пышнымі валасамі жыва рысаваўся ва .. уяўленні [настаўніка]. Колас.

3. Старацца паказаць сябе з выгаднага боку, выклікаць чым‑н. інтарэс да сябе. Баешка ўваходзіў у ролю, пачынаў яўна рысавацца перад натоўпам, што ў момант вырас ля яго. Шынклер.

4. Зал. да рысаваць.

рысава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., каго-што і без дап.

Перадаваць прадметы на плоскасці ад рукі пры дапамозе графічных сродкаў (звычайна контурамі, рыскамі і пад.). [Дзед] браў вялізныя лісты медзі, рысаваў на іх розныя геаметрычныя фігуры. Бядуля. Не добра, аднак, рысаваць пры лямпе, святло жаўціць і цені вельмі вострыя, густыя. Брыль. // перан. Мысленна падаваць у якіх‑н. вобразах, формах. Яе дзіцячыя ўяўленні рысавалі ўсё як бы ў застылым моманце. Чорны. Паслушнае і ўслужлівае ўяўленне ўжо рысавала .. [Лабановічу] вобраз дзяўчыны, гэту чыстую і прыгожую краску, узгадаваную ў глухіх палескіх барах. Колас.

рысаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Той, хто вырошчвае рыс; спецыяліст па рысаводству.