Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рыф 1, ‑а, м.

Падводнае ці надводнае ўзвышэнне марскога дна, небяспечнае для суднаходства. У трумы хлынула вада імкліва, І далей карабель плысці не змог. Пад хвалямі затоены, маўкліва сваю ахвяру Рыф сцярог... Валасевіч.

[Ням. Riff.]

рыф 2, ‑а, м.

Папярочны рад прадзетых праз парус вяровак, пры дапамозе якіх можна паменшыць плошчу паруса.

[Гал. reef, rif.]

ры́фавы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рыфа ​1. Рыфавыя адкладанні.

ры́фавы 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рыфа ​2. Рыфавы вузел.

ры́фіць, ‑флю, ‑фіш, ‑фіць; незак., што.

Памяншаць плошчу паруса пры дапамозе рыфаў ​2. Рыфіць парус.

рыфле́нне, ‑я, н.

Спец. Нанясенне рыфляў на паверхню чаго‑н. Рыфленне валікаў.

ры́флены, ‑ая, ‑ае.

Спец. З рыфлямі на паверхні. Рыфленае жалеза. Рыфленае шкло.

ры́флі, ‑яў; адз. няма.

Спец. Паглыбленні і выступы на якой‑н. паверхні. Паралельныя рыфлі шкла.

ры́фма, ‑ы, ж.

Сугучнасць у канцы вершаваных радкоў. Быў .. [Юстын] надзіва вясёлы — .. песні спяваў, падскакваў, жартаваў, смяяўся, гаварыў пагаворкамі ды яшчэ ў рыфму. Бядуля.

•••

Дактылічная рыфма — рыфма з націскам на трэцім ад канца складзе.

Дзеяслоўная рыфма — рыфма, якая ўтвараецца двума дзеясловамі аднолькавай формы, напрыклад: касіць — насіць.

Жаночая рыфма — рыфма з націскам на перадапошнім складзе верша.

Мужчынская рыфма — рыфма з націскам на апошнім складзе верша.

Перакрыжаваная рыфма — рыфма, якая папераменна звязвае радкі вершаў (першы з трэцім, другі з чацвёртым).

[Ад грэч. rhytnmós — суразмернасць, узгодненасць.]

рыфмава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рыфмаваць.

рыфмава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рыфмаваць.

2. у знач. прым. Такі, у якім ёсць рыфма, з рыфмамі, у якім рыфмуюцца радкі. Рыфмаваная песня.

рыфмава́цца, ‑муецца; незак.

1. Быць сугучным, уяўляць сабой рыфму. У кожным шасцірадкоўі першыя два радкі рыфмуюцца сумежна, а наступныя чатыры — перакрыжавана. У. Калеснік.

2. Зал. да рыфмаваць (у 2 знач.).