ры́мар, ‑а, м.
Майстар, які займаецца вырабам раменнай вупражы. Клім змалку парабкаваў, потым трохі навучыўся на рымара і шыў хамуты. Кулакоўскі.
[З польск.]
рыма́рня, ‑і, ж.
Рымарская майстэрня. Па разліках і планах новага брыгадзіра выйшла, што на рымарню не хопіць лесу. Грамовіч. У рымарні рамантаваў хамуты Масей Вухаед. Гаўрылкін.
ры́марскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рымара, звязаны з яго працай. Рымарскія вырабы. Рымарская майстэрня.
ры́марства, ‑а, н.
Рамяство, занятак рымара.
ры́мляне, ‑ян; адз. рымлянін, ‑а, м.; рымлянка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. рымлянкі, ‑нак; ж.
1. Грамадзяне старажытнай Рымскай дзяржавы.
2. Жыхары горада Рыма.
ры́мскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да Рыма, рымлян. Рымскі тэатр. Рымскае грамадства. // Уласцівы рымлянам, такі, як у рымлян. Рымскі нос. □ Палкія вочы, рымскі профіль, малыя поўныя губы, роўны, прыўзняты злёгку нос. Гартны.
2. Каталіцкі. Рымскі папа. Рымская царква.
•••
Рымскае права гл. права.
Рымскія лічбы гл. лічба.