Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лоп, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле значэння дзеясл. лопаць — лопнуць і лопацца.

ло́панне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лопаць ​1 — лопнуць ​1.

ло́панне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лопаць ​2 — лопнуць ​2, а таксама гукі гэтага дзеяння.

ло́пасцевы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае лопасці. Лопасцевае кола. Лопасцевая турбіна.

2. Падобны па форме на лопасць. Лопасцевае лісце.

лопасцепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны па форме на лопасць. Лопасцепадобны ліст.

ло́пасць, ‑і, ж.

1. Шырокі плоскі канец чаго‑н.

2. Рабочая, плоскай формы частка вясла, суднавых колаў, грабных і паветраных вінтоў і пад. Байдарка шпарка ляціць па гладкая паверхні возера, падпарадк[оўва]ючыся раўнамерным, рытмічным узмахам вясла з дзвюма лопасцямі. В. Вольскі.

ло́пат, ‑у, М ‑паце, м.

Тое, што і лапатанне. Асцярожныя глушцы, не падпускаючы і блізка да сябе чалавека, з цяжкім і рэзкім лопатам крыл[а]ў узнімаліся ўверх і знікалі паміж дрэвамі. Гурскі. Звоняць чаркі, трашчаць скваркі, Лопат, гоман, смех і крык... Купала.

ло́пацень, ‑патня, м.

Разм. пагард. Той, хто многа лапоча, гаворыць.

ло́пацца, ‑аецца; незак.

1. Даваць трэшчыны, разломвацца, раздзірацца; трэскацца. Лопаецца скура на руках. Лёд лопаецца. □ Лопаліся шыбы вокнаў, і з іх вырывалася клубы дыму і языкі полымя. Лупсякоў. Уначы ад марозу лопаліся бярвенні ў сценах. Хомчанка. // Ірвацца з трэскам. Струны лопаюцца. Трос лопаецца. // Трэскаючыся, распадацца. На ўзгорках ужо зусім суха. Лопаюцца прыгрэтыя сонцам пупышкі арэшніку. Жычка. // Выбухаць, разрывацца (пра бомбы, снарады, міны і пад.). Снарады сталі густа, са скрогатам лопацца над танкамі. Мележ. // Надзімаючыся, разрывацца і знікаць. У лужынах на асфальце ўсхопліваліся і, праплыўшы крыху, лопаліся бурбалкі. Карпаў.

2. перан. Разм. Цярпець поўную няўдачу, крах. Лопаюцца планы. Лопаюцца надзеі.

•••

Лопацца са смеху — тое, што і паміраць са смеху (гл. паміраць).

ло́паць 1, ‑ае.

Незак. да лопнуць ​1.

ло́паць 2, ‑ае.

Незак. да лопнуць ​2.

ло́пінг, ‑а, м.

Спец. Спартыўны снарад у выглядзе вярчальных арэляў для трэніровак лётнага саставу, касманаўтаў і інш. з мэтай павышэння ўстойлівасці вестыбулярнага апарату і сардэчна-сасудзістай сістэмы да ўздзеяння розных відаў паскарэнняў.