ло́жа 1, ‑ы, ж.
1. Месца ў глядзельнай зале, аддзеленае перагародкаю для невялікай колькасці асоб. У ложы паблісквалі маноклі і ордэнскія крыжы генералаў. Мехаў. Увечары .. [Эльга], нібы цень, прашмыгнула ў артыстычную ложу, забілася ў кут, каб не ўбачылі яе з залы. Мікуліч.
2. Уст. Аддзяленне масонскай арганізацыі.
[Фр. loge.]
ло́жа 2, ‑ы, ж.
Драўляная частка ружжа ці аўтамата, да якой прымацаваны ствол. Падняў я стрэльбу. Снег абцёр з рулі і ложы. Сачанка. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.
ло́жа 3, ‑а, н.
1. Паглыбленне ў грунце, па якім цячэ водны паток; рэчышча. Вось як цяпер, перада мною Устае куточак той прыгожа, Крынічкі вузенькае ложа. Колас.
2. Уст., паэт. Пасцель.
•••
Пракрустава ложа (кніжн.) — мерка, пад якую сілком падганяюць, прыстасоўваюць што‑н. (Ад імя міфічнага грэчаскага разбойніка Пракруста, які клаў захопленыя ім ахвяры на сваё ложа і абсякаў ногі тым, хто быў даўжэй ложа, а тым, хто карацей, выцягваў іх.)
ло́жавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ложы 2. Ложавыя кольцы вінтоўкі.
ло́жак, м.
Прадмет мэблі для сну ў выглядзе доўгай рамы з ножкамі і дзвюма спінкамі, на якую кладуцца матрац і пасцель. Драўляны ложак. Жалезны ложак. □ Хлопчык ляжаў на ложку, захутаны ў дзве коўдры. Хомчанка.
ло́жкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ложка.