лог, ‑у, м.
Шырокі і доўгі яр з адхоннымі схіламі. За логам, дзе рос алешнік і цякла рачулка, на горцы раскінуўся маёнтак. Колас.
ло́гава, ‑а, н.
1. Паглыбленне ў зямлі, якое служыць жыллём зверу. У пачатку снежня мядзведзіца залягла ў сваім логаве і заснула на ўвесь зімовы час. В. Вольскі. // перан. Разм. Жыллё, пасцель чалавека (звычайна непрыгляднае, неахайнае). Сям’я спала на зямлі ў саламяным логаве, ратуючыся ад холаду. Якімовіч. Сам Іванюк ляжаў у сваім логаве, змяўшы нагамі даматканую коўдру і збіўшы падушку ў нейкі брудны камяк. Колас.
2. перан. Разм. Месца размяшчэння варожых сіл. Майстрэнка з дзвюма баявымі групамі .. нечакана наляцеў на фашысцкае паліцэйскае логава. Казлоў.
ло́гавішча, ‑а, н.
1. Тое, што і логава. Непадалёку ад лясной сцежкі было воўчае логавішча. Чорны. Мы павінны ўзмацніць удары па варожых камунікацыях, па варожых логавішчах. Паслядовіч.
2. Месца масавага размяшчэння зверыны; лежня. У той час цюленяў на Каспійскім моры вадзілася багата. Логавішча іх было і на Бурым востраве. Хомчанка.
ло́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.
1. Навука аб законах і формах мыслення. Фармальная логіка. Дыялектычная логіка. Матэматычная логіка.
2. Ход разважанняў, вывадаў. У выступленні Тамары менш было запалу і рашучасці, затое логіка якая! Ермаловіч. // Правільнасць, разумнасць мыслення. [Міхал] ніколі не вызначаўся асаблівай выдатнасцю логікі ў думках. Чорны. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім захацелася пачуць у гэтых выбухах грукат сваёй артылерыі. Карпюк.
3. Унутраная заканамернасць. Логіка рэчаў. □ Дзіўныя справы .. захапляюць мяне сваёй навізной, такім незвычайным для нашага жыцця паваротам падзей і логікай з’яў. Быкаў.
[Грэч. logikē.]