а́мба,
Разм. Ужываецца ў значэнні «усё», «канец», «смерць». [Зёлкін:] Пеця... ты яшчэ нічога не чуў пра нашага Чарнавуса? Амба... Крапіва. [Скакун:] Жыве чалавек і раптам не стала чалавека, амба, каюк. Гурскі.
амбара́с, ‑у, м.
Уст. Клопаты, турботы, непакой. Колькі амбарасу Каля гэтай справы! Крапіва.
[Фр. embarras.]
амбі́тны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і амбіцыйны. Пісар жа быў таўстаморды; амбітны, уладалюбны. Гарэцкі.
амбіцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Поўны амбіцыі, з амбіцыяй. Амбіцыйная заява.
амбі́цыя, ‑і, ж.
Празмернае пачуццё асабістай годнасці; самалюбства. Прафесійная амбіцыя. Збіцца на амбіцыю. □ Таймс-сквер. Натоўп. Над ім з амбіцыяй Гарлае нейкі кандыдат. Панчанка.
•••
Амбіцыя без амуніцыі — пра беспадстаўную амбіцыю.
Кідацца ў амбіцыю гл. кідацца.
(Толькі) без амбіцыі — без крыўды, без нездавальнення.
(Чалавек) з амбіцыяй — пра фанабэрыстага, ганарлівага чалавека.
[Лац. ambitio.]
амбо́н, ‑у, м.
Узвышэнне ў царкве перад так званымі царскімі варотамі. Мікіта адпускаецца і, хлюпаючы лапцямі, зноў ідзе да амбону. Колас. Перасталі з амбонаў казаць казанне папы — лепш цішком паскардзіцца дзе надзейнаму чалавеку. Скрыган.
а́мбра, ‑ы, ж.
Рэчыва. падобнае на воск, якое выдзяляецца кашалотамі; выкарыстоўваецца ў парфумерыі. // Уст. Духі.
[Фр. ambre.]
амбразу́ра, ‑ы, ж.
1. Праём у збудаваннях абарончага характару, бранявежах і пад., праз які страляюць; байніца. Амбразура дота. □ [Валодзя:] — Гераізм — гэта, калі чалавек вядзе самалёт на таран, калі закрывае сваім целам амбразуру. Шамякін. Аказалася, што.. [партызаны] ляжалі перад амбразурамі нямецкага дота ў адкрытым полі. Карпюк.
2. Акопны ці дзвярны праём у дамах, вежах і пад. [Сятогей:] — [Немцы] доты ставяць усюды, амбразуры ў дамах вырэзваюць, спадзяюцца, значыць, біцца за кожны дом. Мележ.
[Фр. embrasure.]
амбразу́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да амбразуры. Амбразурны шчыт.
амбро́зія, ‑і, ж.
1. Род аднагадовых і шматгадовых травяністых раслін сямейства складанакветных.
2. У грэчаскай міфалогіі — нектар, ежа багоў, якая падтрымлівала вечную маладосць і прыгажосць.
[Грэч. ambrosia.]