Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пракансультава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго.

Даць кансультацыю па якому‑н. пытанню. Сакратар сашчапіў рукі, схіліў набок галаву — так яму, мабыць, лягчэй было вымаўляць словы. — Дык вось, та-ва-а-арыш Ка-аліна, трэба спачатку а-акты са-аставіць, у-у-улік пра-а-авесці. Зойдзеш у выканком, та-ам цябе пракансультуюць. Асіпенка. Пракансультаваўшы колькі хворых, Яраш зноў адчуў сябе стомленым. Шамякін.

пракантралява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пракантраляваць.

пракантралява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

Узяць пад кантроль; праверыць каго‑, што‑н. Андрыяну даручалася пракантраляваць, як выпраўляюцца недахопы. Марціновіч.

пракапа́ны і прако́паны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пракапа́ць.

пракапа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.

1. Капаючы, пранікнуць куды‑н., праз што‑н., дасягнуць чаго‑н., дакапацца. Пракапацца да вады.

2. перан. Капацца некаторы час (гл. капацца ў 2 знач.). Пракапацца дома цэлы дзень.

прака́паць, ‑ае; зак.

Прайсці, упасці каплямі. А яна [ралля] дымілася абапал Першым парам, першай цеплынёй Ад дажджу, Што толькі што пракапаў Па-над красавіцкаю зямлёй. Астрэйка.

пракапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.

1. Капаючы, правесці, пракласці што‑н. Канаву к рэчцы пракапалі, А простай кладкі не паклалі. Муравейка. Траншэі, якія пракапаў [экскаватаршчык Славецкі], калі б скласці ў адно, выцягнуліся б, пэўна, ад сівой Балтыкі да Ціхага акіяна. Мыслівец.

2. Капаючы, прайсці наскрозь. Пракапаць гару.

3. Капаючы, утварыць паглыбленне. Партызаны пракапалі неглыбокую ямку і аблажылі яе камен[нем]. Якімовіч. Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлю і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы, а дзірку пракапаў, расшырыў і нырнуў у яе. Колас.

4. і без дап. Капаць некаторы час. Пракапаць цэлы дзень.

пракараву́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Разм.

1. Каравулячы, не ўсцерагчы, правароніць. Пракаравуліць аўтобус.

2. і без дап. Каравуліць некаторы час. Пракаравуліць усю ноч.

пракарата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Правесці, каратаючы. Колькі веснавых начэй пракаратаў Максім падлеткам-начлежнікам на гэтых муражынах і ялавінах пры самым узлессі. Машара.

прака́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Абазвацца карканнем (у 1 знач.).

2. Каркаць некаторы час.

пракармі́цца, ‑кармлюся, ‑кормішся, ‑корміцца; зак.

Забяспечыць сябе ежай, кормам. Гэтай палянкі зусім даволі было, каб засеяць збожжа ды бульбы і гэтым пракарміцца да новага ўраджаю. Чарот. [Галя:] — На адной стыпендыі .. не вельмі параскашуешся, а мне ж трэба не толькі пракарміцца, але і апрануцца. Сабаленка.