шыпу́чы, ‑ая, ‑ае.
Які ўтварае шыпенне. Шыпучая змяя. □ А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску салодкую духавітую бульбу. Брыль. Як гаварыў [мужчына], дык праз зубы ішоў у яго шыпучы свіст. Чорны. // Які шыпіць ад выдзялення вуглякіслага газу (пра напіткі). Я выпіў шыпучай вады, уголас падбадзёрыў сябе: — Нічога, перажывём... Пінчук.
шыпшы́на, ‑ы, ж.
Расліна сямейства ружакветных, з простымі, не махровымі кветкамі і са сцяблом, пакрытым калючкамі; дзікая ружа. Паўз дарогу раз-пораз мільгалі дрэвы, адзінокія кусты дзікай шыпшыны, усыпанай пяшчотнымі ружовымі кветкамі. Краўчанка. // Плады такой расліны. Настой з шыпшыны.
[З польск. szypszyna.]
шыпшы́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шыпшыны. То ён [Віцька].. калючага дзядоўніку назапускаў дзяўчынцы ў валасы, то шыпшынавых зярнятак пасылаў за шыю. Кулакоўскі.
шыпшы́ннік, ‑у, м., зб.
Кусты, зараснік шыпшыны. На полі ўсюды рос ячмень, а на поплаўчыку многа было чубоў густога шыпшынніку. Чорны.
шыпя́чы, ‑ая, ‑ае.
1. З шыпеннем.
2. Шумны шчылінны пярэднеязычны зычны гук, пры вымаўленні якога язык прымае лыжкападобную форму. Калі ж заднеязычныя асновы г, к чаргуюцца з шыпячымі ж, ч, то ў клічнай форме такія назоўнікі заканчваюцца галосным а. Граматыка. / у знач. наз. шыпя́чыя, ‑ых. — Не расіла, — пасміхаецца Надзя: яна не выгаворвае шыпячых. Васілевіч.
шыр, ‑ы, ж.
1. Шырыня, вялікія памеры ў шырыню. Крок у шыр, два крокі ўдоўж — усяе хады. Дзяргай. За лясамі, за іх палякамі — Ветраны, на ўсю шыр, прагон. Камейша.
2. Шырокая прастора. Не абняць, не змерыць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Прылад нямала змайстравана, Якімі вымеран сусвет: Зямная шыр, глыб акіяна, Шляхі да зор і да планет. Непачаловіч. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр. Глебка.
3. Тое, што і шырыня (у 3 знач.). Разгарні ты, люд рабочы, Сілу, волю ва ўсю шыр. Колас.
шырака... (гл. шырока...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «шырока...», калі націск у другой частцы слова падае на першы склад, напрыклад: шыракакрылы, шыракаплечы, шыраканосы.
шыракава́ты, ‑ая, ‑ае.
Зашырокі, некалькі шырокі. Плацце крыху шыракаватае, відаць, гаспадыня некалі была таўсцейшая. Асіпенка. Дзед Талаш расчуліўся.. Куртаты, шыракаваты на канцы і трохі задзёрысты нос яго падняўся ўгору і апусціўся ўніз. Колас.
шыракаго́рлы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокае горла. Шыракагорлыя бутлі.
шыракагру́ды, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокія грудзі. Шыракагруды, з грываю рудой, буланы конь пазначаны таўром. Вялюгін. Рослы, плячысты і шыракагруды — і па сіле і па постаці ён не меў сабе роўнага ва ўсёй ваколіцы. Машара.