цаху́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цахураў, які належыць, уласцівы ім. Цахурская мова.
цаху́ры, ‑аў; адз. цахур, ‑а, м.; цахурка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. цахуркі, ‑рак; ж.
Народ, які жыве ў гарах Паўднёвага Дагестана і Паўночнага Азербайджана.
ца́ца, ‑ы, ж.
Разм.
1. Тое, чым можна забавіць дзіця; цацка. — Ты глянь, Валерык: бачыш — цаца! А вось сувойчык палатна. Колас.
2. У мове дзяцей — што‑н. вельмі харошае, прыемнае.
3. Пра паслухмянае, выхаванае дзіця. [Настаўніца:] — Вы не злуйце на Ліпку, яна была ў нас. Сёння Ліпка — вялікая цаца! Брыль. // звычайна іран. Пра чалавека наогул. Клопату [Надзі] хапала. Работа, дзіця далося ў знакі, ды і ён, Пракопавіч, не цаца быў. Радкевіч.
4. Пра таго, хто важнічае, мае вялікія прэтэнзіі. Маці ўжо цяпер меціцца хоць на якога-небудзь прымака, бо замуж да сябе такую цацу наўрад ці хто возьме. Кулакоўскі. — Цаца не вялікая. Возьмеш посцілку, падушку і палезеш на гарышча. Там сена мяккае. Сіўцоў. Што яна [Каця] ў разведцы разумее? Што яна за цаца такая, каб я перад ёю падымаў рукі ўгору? Сяркоў.
•••
Добрая цаца — пра ненадзейнага, нядобрага, хітрага чалавека. — Ну, па ім [Андрэю Каржакевічу] то плакаць вельмі няма чаго. Гэты набудзе. Сам з чортавых зубоў можа вырваць, добрая цаца, — сказаў Рыгор Варанец. Крапіва.
Цаца-цаца, ды ў кішэнь — пра таго, хто не праміне ўзяць чужое, прысвоіць што‑н.
цаца́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
У выразе: абяцанка — цацанка, а дурню радасць — прыказка, сэнс якой у тым, што дурань радуецца абяцанню, якое можа не ажыццявіцца.
цаца́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Птушка атрада курыных. Даўно хацелася .. [Мітрафану], каб побач з індыкамі і звычайнымі курамі пахаджвалі па двары і цацаркі. Ракітны.
цаца́рчын, ‑чына.
Які мае адносіны да цацаркі, належыць ёй. Цацарчыны яйцы.
ца́цачнік, ‑а, м.
Разм. Майстар, які вырабляе цацкі.
ца́цачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цацкі, цацак. Цацачны магазін. Цацачны майстар.
2. Які з’яўляецца цацкай, прызначаецца для гульні. Цацачныя салдацікі. Цацачны конь. □ Учора, калі я вяртаўся з завода, дзяўчынка, што перабягала перада мною вуліцу, рассыпала чарніцы — яна некуды несла іх у плеценым цацачным кошыку. Сачанка. // Вельмі маленькі, падобны на цацку. Мы абышлі кругом, агледзелі розныя цацачныя фігуркі грознага Буды, розныя карабкі, хвасты, анучкі, што маюць тут нейкі сэнс. Лось.