цаца, ‑ы, ж.
Разм.
1. Тое, чым можна забавіць дзіця; цацка. — Ты глянь, Валерык: бачыш — цаца! А вось сувойчык палатна. Колас.
2. У мове дзяцей — што‑н. вельмі харошае, прыемнае.
3. Пра паслухмянае, выхаванае дзіця. [Настаўніца:] — Вы не злуйце на Ліпку, яна была ў нас. Сёння Ліпка — вялікая цаца! Брыль. // звычайна іран. Пра чалавека наогул. Клопату [Надзі] хапала. Работа, дзіця далося ў знакі, ды і ён, Пракопавіч, не цаца быў. Радкевіч.
4. Пра таго, хто важнічае, мае вялікія прэтэнзіі. Маці ўжо цяпер меціцца хоць на якога-небудзь прымака, бо замуж да сябе такую цацу наўрад ці хто возьме. Кулакоўскі. — Цаца не вялікая. Возьмеш посцілку, падушку і палезеш на гарышча. Там сена мяккае. Сіўцоў. Што яна [Каця] ў разведцы разумее? Што яна за цаца такая, каб я перад ёю падымаў рукі ўгору? Сяркоў.
•••
Добрая цаца — пра ненадзейнага, нядобрага, хітрага чалавека. — Ну, па ім [Андрэю Каржакевічу] то плакаць вельмі няма чаго. Гэты набудзе. Сам з чортавых зубоў можа вырваць, добрая цаца, — сказаў Рыгор Варанец. Крапіва.
Цаца-цаца, ды ў кішэнь — пра таго, хто не праміне ўзяць чужое, прысвоіць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)