Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узвы́ць, ‑выю, ‑выеш, ‑вые; зак.

Разм. Нечакана завыць, пачаць выць (пра жывёл). / Пра плач, крык чалавека. [Малады чалавек] адпіхнуў Косцю набок. — Я цябе зараз!.. — узвыў Шмыг, узняў угору кулак. Мыслівец. / Пра вецер, матор і пад. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Лынькоў. Узвыў рухавік, і серабрысты знішчальнік камандзіра палка памчаўся на старт і з ходу пайшоў на ўзлёт. Алешка. // перан. Прыйсці ў стан адчаю, жаху. У павеце падпалена некалькі памешчыцкіх маёнткаў і асадніцкіх фальваркаў .. Памешчыкі .. узвылі. Дамагаліся ад стар[а]сты паслаць усе сілы, якія ёсць, на ратаванне маёнткаў. Пестрак.

узвы́шанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць узвышанага (у 3 знач.). Узвышанасць ідэй. Узвышанасць пачуццяў. Паэтычная ўзвышанасць.

узвы́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узвысіць.

2. у знач. прым. Размешчаны на больш высокім узроўні; высокі. Нізкая вільготная мясцовасць змянілася ўзвышанай. В. Вольскі.

3. перан.; у знач. прым. Поўны глыбокага зместу, значэння; высакародны. З гэтай парослай муравою сцежкі, што вядзе мяне ад бацькоўскай хаты ў далёкі свет, пачынаецца тое, што мы называем вялікім і ўзвышаным словам Радзіма. Марціновіч. Рэвалюцыя акрыліла мастацтва прыгожымі і ўзвышанымі ідэаламі. Пшыркоў.

узвыша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да узвысіцца.

2. Вылучацца сваёй вышынёй, высіцца над чым‑н. Далей, за перонам, узвышаюцца прыгожыя, шматпавярховыя дамы з шэрага каменю. Лупсякоў. Кіламетры за тры ад ускраіны ўзвышаўся пясчаны курган. Грахоўскі. На тратуарах узвышаліся сумёты снегу. Гурскі. // перан.; над кім-чым. Вылучацца сярод іншых якімі‑н. станоўчымі якасцямі. Толькі тым узвышаецца пад народам паэт, што ён больш за іншых ведае і чуе. Навуменка.

3. Зал. да узвышаць.

узвыша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да узвысіць.

2. перан.; каго-што. Рабіць лепшым, высакародным. [Ліннік:] — Паэзія і песня ўзвышаюць чалавека. Згодны вы з гэтым? Савіцкі. А музыка, як і слова, можа і лячыць душу, і ўзвышаць чалавека, і весці яго за сабою. Даніленка.

узвы́шша, ‑а, н.

1. Узгорыстая або даволі высокая мясцовасць, якая ўзвышаецца над наваколлем. Арабіна стаяла на ўзвышшы, і ад яе да хаты полем вілася сцяжынка. Чорны. Нейкі час мы моўчкі суправаджаем .. [дзеда Хведара] вачыма, потым бяром рыбалоўныя снасці і ідзём да пазелянелага куста вярбоўніку на ўзвышшы. Ігнаценка. // У геаграфіі — гарыстая або ўзгорыстая мясцовасць, якая падымаецца над узроўнем мора больш як на 200 метраў. Валдайскае ўзвышша. Мазырскае ўзвышша.

2. Тое, што і узвышэнне (у 2 знач.). Зборная была прасторная, як абора. Па процілежным яе канцы, на ўзвышшы, адгароджаным балясамі, стаяў вялізны стол, абіты зялёным сукном. Колас.

узвышэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. узвышаць — узвысіць і узвышацца — узвысіцца.

2. Пляцоўка або памост, які ўзвышаецца над зямлёй, падлогай. [Таццяна] не бачыла .. нічога, акрамя дзвюх аднолькавых чырвоных трупаў на ўзвышэнні. Васілёнак. І вось на ўзвышэнне ўзышоў афіцэр і зычным голасам пачаў чытаць рашэнне суда. Мальдзіс.

узвява́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да узвеяцца.

2. Зал. да узвяваць.

узвява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узвеяць.

узвядзе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узводзіць — узвесці.