Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сціска́льнасць, ‑і, ж.

Здольнасць якога‑н. рэчыва сціскацца, памяншаць свой аб’ём над уздзеяннем знешняга ціску. Сціскальнасць газаў. Сціскальнасць вадкасцей.

сціска́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які служыць для прасавання чаго‑н. Сціскальны прэс.

сціска́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сціскаць — сціснуць і сціскацца — сціснуцца; стан паводле дзеясл. сціскаць — сціснуць (у 1 знач.) і сціскацца — сціснуцца (у 1, 4 знач.).

сціска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сціснуцца.

2. Разм. Адчуваць няёмкасць, сарамлівасць. Пятрусь баяўся і таго, каб Рыгор не пачаў саромецца. .. Чаго іншага, а пачне сціскацца, адказвацца ад патрат на яго. Гартны. // (з адмоўем «не»). Абл. Дзейнічаць бесцырымонна ў адносінах да каго‑н. Цяпер яна [маладзіца] смяецца і не сціскаецца ў розных мянушках па .. адрасу [Лабановіча]. Колас.

3. Разм. Ціснуцца; скупіцца. Чалавек ён [Стась Ломаць] быў хітры, усё прыбядняўся, сціскаўся, і не любілі яго ў Наносах. Чарнышэвіч.

4. Зал. да сціскаць.

сціска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сціснуць.

сці́сласць, ‑і, ж.

Уласцівасць сціслага. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да сцісласці, эканомнасці выяўленчых сродкаў у афармленні спектакляў. «Полымя».

сці́слы, ‑ая, ‑ае.

1. Выкладзены коратка, у нямногіх словах; лаканічны. [Дыспетчар] дакладна памятае, хто па якой машыне ездзіць, дасць сціслую характарыстыку кожнага. Шынклер. Вельмі сціслую і ў той жа час вельмі, глыбокую ацэнку зборніку «Безназоўнае» даў Я. Колас. Шкраба.

2. Кароткі ў часе. Вельмі сціслыя тэрміны ўводу ў дзеянне нафтаперапрацоўчага гіганта патрабавалі каменнай цярплівасці, нечуванай загартоўкі. Мыслівец.

3. Спорны, дробны, з невялікімі прамежкамі паміж словамі, літарамі (пра почырк, тэкст). Калі б можна было гэтыя графы, запоўненыя сціслым почыркам доктара, замяніць малюнкам перажытага! Грамовіч.

сці́снутасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан сціснутага (у 2 знач.).

сці́снуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сціснуць.

2. у знач. прым. Згушчаны пад ціскам. Сціснутае паветра.

сці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зменшыцца ў аб’ёме пад ціскам; згусціцца. Спружына сціснулася. Газы пад поршнем сціснуліся. // Разм. Скараціцца. Тэрміны сціснуліся, адпадае рад намечаных намі мерапрыемстваў. Шынклер.

2. Размясціцца шчыльна, сабрацца ў адным месцы, стоўпіцца. Сціснуліся, як селядцы ў бочцы.

3. Звузіцца (аб якой‑н. прасторы). Без таго вузкая стужка шашы нібы зусім сціснулася ў белай акантоўцы прыдарожных слупоў. Асіпенка.

4. Сабрацца ў камяк, скурчыцца; сагнуцца. Вожык так моцна сціснуўся, што ліс ніяк не мог даць яму рады. Ляўданскі. Таня сціснулася на возе ў камяк, падк[у]рчыўшыся і ўгнуўшы галаву. Пташнікаў. [Вася:] — А раз нехта ля куста стаяў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. Быкаў.

5. Шчыльна злучыцца (пра губы, пальцы і пад.). У першую хвіліну .. [Нікіцін] здзівіўся, а потым зазлаваў, што аж рукі сціснуліся ў кулакі. Гурскі. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурыліся, губы сціснуліся. Чорны. // Зблізіцца, насупіўшыся (пра бровы). [Лена:] — Ты не будзеш гневацца, калі я напішу Мікалаю пісьмо? — У Андрэя, як ад удару, сціснуліся бровы. Скрыган.

6. перан. Адчуць унутраны цяжар (у грудзях, горле). Але Косцік не чуў, што гаварыў Воўка. У грудзях у яго ўсё сціснулася, вочы заслаў нейкі туман. Арабей. // Адчуць боль пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра душу, сэрца). У Віці сціснулася сэрца ад жалю і крыўды. Чарнышэвіч. Ганна не апусціла галавы, не разгубілася, а толькі сціснулася душой. Савіцкі.