сці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Зменшыцца ў аб’ёме пад ціскам; згусціцца. Спружына сціснулася. Газы пад поршнем сціснуліся. // Разм. Скараціцца. Тэрміны сціснуліся, адпадае рад намечаных намі мерапрыемстваў. Шынклер.
2. Размясціцца шчыльна, сабрацца ў адным месцы, стоўпіцца. Сціснуліся, як селядцы ў бочцы.
3. Звузіцца (аб якой‑н. прасторы). Без таго вузкая стужка шашы нібы зусім сціснулася ў белай акантоўцы прыдарожных слупоў. Асіпенка.
4. Сабрацца ў камяк, скурчыцца; сагнуцца. Вожык так моцна сціснуўся, што ліс ніяк не мог даць яму рады. Ляўданскі. Таня сціснулася на возе ў камяк, падк[у]рчыўшыся і ўгнуўшы галаву. Пташнікаў. [Вася:] — А раз нехта ля куста стаяў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. Быкаў.
5. Шчыльна злучыцца (пра губы, пальцы і пад.). У першую хвіліну .. [Нікіцін] здзівіўся, а потым зазлаваў, што аж рукі сціснуліся ў кулакі. Гурскі. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурыліся, губы сціснуліся. Чорны. // Зблізіцца, насупіўшыся (пра бровы). [Лена:] — Ты не будзеш гневацца, калі я напішу Мікалаю пісьмо? — У Андрэя, як ад удару, сціснуліся бровы. Скрыган.
6. перан. Адчуць унутраны цяжар (у грудзях, горле). Але Косцік не чуў, што гаварыў Воўка. У грудзях у яго ўсё сціснулася, вочы заслаў нейкі туман. Арабей. // Адчуць боль пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра душу, сэрца). У Віці сціснулася сэрца ад жалю і крыўды. Чарнышэвіч. Ганна не апусціла галавы, не разгубілася, а толькі сціснулася душой. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)