рыжаву́сы, ‑ая, ‑ае.
З рыжымі вусамі. Рыжавусы Янка — чалавек, які ўсё ўмее рабіць: і вокны, і шафы. Бядуля.
рыжа́к, ‑а, м.
Травяністая расліна сямейства крыжакветных з жоўтымі кветкамі, з семя якой здабываюць алей у асноўным для тэхнічных мэт.
рыжахво́сты, ‑ая, ‑ае.
З рыжым хвастом. У .. [лесе], бадай, на кожнай сасне барабаняць стракатыя даўганосыя дзятлы і скачуць з галінкі на галінку вяртлявыя рыжахвостыя вавёрачкі. Якімовіч.
рыжо́цце, ‑я, н.
Разм. Пра каго‑, што‑н. вельмі рыжае. Часцей за ўсё .. [Маша] чула: «Глядзі, якое рыжоцце пайшло!» Шамякін.
рыжу́ля, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і рыжуха. Камендант чамусьці не любіць коз. Ён з першага ж дня загадаў, каб казы не было на двары, і Аннушка адвяла сваю рыжулю на сяло. Няхай.
рыжу́ха, ‑і, ДМ ‑жусе, ж.
Разм. Пра вельмі рыжую жанчыну або жывёліну. Ды асабліва ўдалася цялушка — Сама рыжуха, белае вушка. Бічэль-Загнетава.
ры́жы, ‑ая, ‑ае.
1. Чырвона-жоўты (пра колер валасоў, шэрсць). Загарэў старшыня, яшчэ больш вылінялі ад спёкі рыжыя бровы. Бялевіч. Не страшны быў гэты вартавы, хоць і з вялікімі рыжымі вусамі. Кулакоўскі. // З валасамі, шэрсцю такога колеру. «Залатая сястра», — сказаў неяк Яраш. Урачы прынялі гэта як жарт: Маша была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Шамякін. // Чырванавата-жоўты, светла-карычневы (пра колер розных прадметаў, а таксама раслін і жывёл). Сапраўды, з-за небасхілу паказвалася сонца — вялікае, рыжае. Карпаў. Ліст пажоўклы, рыжы Прабіваюць кроплі. Ляпёшкін. У рукі .. [Валі] далі лазовы кош з рыжым пеўнем. Якімовіч. // Які выліняў ад сонца, дажджу, стаў бурым. Рыжая хустка. Рыжая ватоўка.
2. у знач. наз. ры́жы, ‑ага, м.; ры́жая, ‑ай, ж. Пра чалавека, звера з валасамі, шэрсцю чырвона-жоўтага колеру. [Ігнат:] — У той жа момант, забыўшыся і пра шкуру, смальнуў я з другога ствала. І вось тут, братка ты мой, рыжы як падхопіцца ды як сігане цераз поле. Ляўданскі.
ры́жык, ‑а, м.
Ядомы пераважна рыжага колеру грыб сямейства сыраежкавых. Пад добры год у глінішчы была процьма рыжыкаў. Васілевіч.
ры́жыкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рыжыка.