Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыбо́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыбою (у 1 знач.). Прыбойны шум.

прыбо́р, ‑а, м.

1. Камплект, набор прадметаў для карыстання. Чарнільны прыбор. Чайны прыбор. □ Стол быў акуратна накрыты. На ім стаялі прыборы, чаркі, бутэлька наліўкі, вяндліна і ёмкая скаварада яечні з дзябёлымі, сакаўнымі скваркамі. Колас.

2. Спецыяльнае прыстасаванне, апарат, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння чаго‑н., кіравання чым‑н. і пад.). Вымяральныя прыборы. □ Навіна [самалёта], галоўныя прыборы былі разбіты, левае крыло разарвана. Шамякін. Лабараторыі нарыхтоўчых пунктаў забяспечаны прыборамі для вызначэння якасці клубняў. «Звязда».

3. толькі мн. (прыбо́ры, ‑аў). Абл. Уборы, адзенне. Сотняй звітых вясёлак паркаль Усміхаўся з палатак на сонцы, І каралі цвілі на руках Прадаўцоў, у прыборах бясконцых. Танк.

прыборабудава́нне, ‑я, н.

Вытворчасць прыбораў (у 2 знач.). Авіяцыйнае прыборабудаванне. Развіццё прыборабудавання.

прыборабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыборабудавання. Прыборабудаўнічая прамысловасць.

прыбо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Прыбіранне; уборка. Бадай гадзіну адняла прыборка, а заснула Ганна Сымонаўна каля трэцяй гадзіны. Дубоўка. — Ведаеш што, Ганечка, — раптам мяняе план прыборкі Анюта, — вазьмі вось гэты дзяркач і пайдзі чысценька двор замяці. Васілевіч.

прыбо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыбора (у 2 знач.). Прыборная дошка.

прыбра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыбраць.

2. у знач. прым. Прыведзены ў парадак, чысты; упрыгожаны. І доўга сядзелі ў пустой, прыбранай хаце, і маўчалі, і моўчкі слухалі, як на сцяне ў поўнай цішыні цікаў гадзіннік. Адамчык. Павялі паслоў Да прыбраных сталоў. Лось.

прыбраха́ць, ‑брашу, ‑брэшаш, ‑брэша; зак., што і без дап.

Разм. Расказваючы што‑н., дадаць ад сябе; прылгаць.

прыбра́цца, ‑бярыся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; заг. прыбярыся; зак.

1. Адзецца прыгожа, лепш, чым звычайна. Ігар прапусціць лекцыю, але затое прыбярэцца ў інстытут: надушыцца, выпрасуе кант, на тоўсты вузел завяжа гальштук. Карпюк. Мяне здзівіла толькі перамена ў настроі, але не тое, што цётка Матруна прыбралася. Лось. // Адзецца ў якую‑н. адзежу. Успамінаюць [казакі] асабліва пра тое, як.. [Паўло Сямёнавіч] у адну з найцяжэйшых гадзін ліпеньскай блакады, ідучы на разведку далёка наперад, прыбраўся чамусьці ў спадніцу і хустку. Брыль. Прыбраўся Кудлаты ў боты, у сярмягу. Танк. // перан.; у што. Пакрыцца чым‑н.; упрыгожыцца чым‑н. Зышліся і скучыліся каля гасцінца кусты алешніку. Прыбраліся яны ў белыя мяккія вопраткі і пра нешта раяцца паміж сабою. Галавач. У гэты дзень, 6 студзеня, з самае раніцы прыбраўся горад у чырвоныя сцягі. Гарэцкі.

2. Разм. Прыбраць дзе‑н., навесці парадак. Прыбралася, памылася, зварыла бульбы, а бацькі ўсё не было. Савіцкі. // Давесці што‑н. да ладу. Прыбрацца з сенакосам.

3. Разм. Сабрацца зрабіць што‑н., заняцца чым‑н. — У горад хачу паехаць на які тыдзень, праветрыцца трэба, ды не прыбяруся ніяк. Чорны. [Сымон:] — Я даўно, дзядок, збіраўся Дзеду нештачка сказаць, Ды ніяк не прыбяруся, Не асмелюся ніяк. Колас.

прыбра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. прыбяры; зак.

1. каго-што. Адзець прыгожа, лепш, чым звычайна. Прыбраць да шлюбу. □ — Прыбраць бы іх прыгожа, — сумна ўсміхаецца Люська, — якраз як сёстры Фёдаравы... Ракітны. // Пакрыць чым‑н. для ўпрыгожвання; упрыгожыць. Сцены прыбралі самымі прыгожымі дыванамі, якія ўмелі ткаць бярозаўскія жанкі. Васілевіч. З іх [дзяўчат] адна вянком удала Галаву сабе прыбрала. Танк. Мароз прыбраў, як майскай квеценню, Сады, палеткі і дамы. Астрэйка.

2. што і без дап. Прывесці ў парадак што‑н., навесці чысціню дзе‑н. Прыбраць у хаце. □ Старанна прыбрала.. [Ганна] кухню, змяла, выцерла кожную пылінку. Колас. Собіч даўно прыбраў стол, але чакаў, глянуўшы на Марыну: яна стаяла каля акна задумаўшыся. Скрыган.

3. што. Прыняць, зняць, знесці адкуль‑н. Прыбраць посуд са стала. Прыбраць камень з дарогі. □ Вясной перад іхнім домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар, прыбралі хлуд. Лось. [Аканом] паклікаў усіх, хто забудаваўся з Гальвасавага лесу, і сказаў за лес заплаціць, а за самаўпраўства даць штраф. А хаты прыбраць з Гальвасавага поля. Чорны. // каго. Разм. Зняць, вызваліць. [Антон Васільевіч], відаць, дабіваецца, каб мяне прыбралі з пасады старшыні. Паслядовіч.

4. каго-што. Разм. Знішчыць, забіць. — Самі ведаеце, як тады жыццё наша калгаснае ішлося. Пабудовы спалены, зямля запушчана, ні цяпла, ні людзей... Усё вайна прыбрала. Сачанка. [Вінцук:] — Так то яно так, але поўзаюць жа па свеце такія гады. І не прыбярэ такую поскудзь ніхто. Машара. [Мікола-падпольшчык:] — Ваня, ты заставайся ў горадзе, прыбяры гада як мага хутчэй, пакуль ён не нарабіў бяды. Новікаў.

5. каго-што. Разм. Завалодаць чым‑н., прысвоіць каго‑, што‑н. Зямлю ж гектараў паўтара Прыбраў вясковы абдзірала, Прыслужнік панскага двара. Колас.

6. што. Разм. Сабраць (ураджай з поля, сена і пад.). — Збожжа прыбралі, азіміну пасеялі — чаму ж не пагасцяваць крыху ў добрага чалавека? Пянкрат. З поля прыбралі багаты ўраджай, сеялі жыта. Чорны. // Канчаткова зрабіць што‑н. на якой‑н. тэрыторыі. — Балота прыбралі ўжо? — Учора касілі ўсім сялом — скончылі! Краўчанка.

•••

Прыбраць да рук — а) захапіць сабе, прысвоіць; б) прымусіць каго‑н. быць паслухмяным. Вялая думка стала больш акрэсленай і перарасла ў рашэнне: прыбраць да рук гэтага.. ветрагона. Самуйлёнак.