прыбрацца, ‑бярыся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; заг. прыбярыся; зак.
1. Адзецца прыгожа, лепш, чым звычайна. Ігар прапусціць лекцыю, але затое прыбярэцца ў інстытут: надушыцца, выпрасуе кант, на тоўсты вузел завяжа гальштук. Карпюк. Мяне здзівіла толькі перамена ў настроі, але не тое, што цётка Матруна прыбралася. Лось. // Адзецца ў якую‑н. адзежу. Успамінаюць [казакі] асабліва пра тое, як.. [Паўло Сямёнавіч] у адну з найцяжэйшых гадзін ліпеньскай блакады, ідучы на разведку далёка наперад, прыбраўся чамусьці ў спадніцу і хустку. Брыль. Прыбраўся Кудлаты ў боты, у сярмягу. Танк. // перан.; у што. Пакрыцца чым‑н.; упрыгожыцца чым‑н. Зышліся і скучыліся каля гасцінца кусты алешніку. Прыбраліся яны ў белыя мяккія вопраткі і пра нешта раяцца паміж сабою. Галавач. У гэты дзень, 6 студзеня, з самае раніцы прыбраўся горад у чырвоныя сцягі. Гарэцкі.
2. Разм. Прыбраць дзе‑н., навесці парадак. Прыбралася, памылася, зварыла бульбы, а бацькі ўсё не было. Савіцкі. // Давесці што‑н. да ладу. Прыбрацца з сенакосам.
3. Разм. Сабрацца зрабіць што‑н., заняцца чым‑н. — У горад хачу паехаць на які тыдзень, праветрыцца трэба, ды не прыбяруся ніяк. Чорны. [Сымон:] — Я даўно, дзядок, збіраўся Дзеду нештачка сказаць, Ды ніяк не прыбяруся, Не асмелюся ніяк. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)