Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зрулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак.

Павярнуўшы руль, накіраваць (судна, самалёт, аўтамабіль) у патрэбным напрамку. Галаўня зруляваў на абочыну шашы. Гроднеў.

зрух, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл., зрушваць — зрушыць (у 1 знач.) і зрушвацца — зрушыцца.

2. Прыметныя змены ў чым‑н. Сіла таленту Бядулі і заключалася ва ўменні перадаць тонкія зрухі душы і багацце пачуццяў. Каваленка. // Значныя змены да лепшага ў чым‑н., значны рух наперад; прагрэс. Прыемна і радасна бачыць вялікія зрухі, што адбываюцца ва ўсёй краіне. Шынклер. 1905 год прынёс велізарныя зрухі ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі. Казека.

3. Спец. Гарызантальнае змяшчэнне горных парод.

4. Дэфармацыя пругкага цела, пры якой слаі яго змяшчаюцца адзін адносна другога.

зрухну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Скрануцца, зрушыцца. Ніхто не зрухнуўся з месца, стоячы ў грамадзе. Мурашка.

зрухну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм. Скрануць, зрушыць. Зрухнуць з месца стол.

зру́чна,

1. Прысл. да зручны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Практычна, выгадна. Феафіл праводзіў большасць дня ў хаце, і Краўчанку было зручна мець такога чалавека каля сябе. Мікуліч.

3. безас. у знач. вык. Падыходзіць, ёсць спрыяльныя ўмовы для чаго‑н. На самай жа справе, калі зручна было прапусціць заняткі ці пайсці са, сходу або адкласці выпуск насценгазеты, я рабіў гэта. Дуброўскі.

4. безас. у знач. вык. (звычайна з адмоўем). Зусім прыстойна, дазволена этыкай. — Даруй, што доўга не пісала... Сёмка ездзіў у дарогу. Волька занятая, да Зосі ісці не зручна. Гартны.

зру́чнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць, якасць зручнага (у 1 знач.); добрая прыстасаванасць для выкарыстання, задавальнення якіх‑н. патрэб. Зручнасць кватэры. Зручнасць мэблі.

2. Прыстойнасць, этычнасць. [Чарнавуса] сустрэў пажылы блізарукі рахункавод. Сустрэў, як звычайна са стрыманай ветлівасцю і павагай .. Для зручнасці нават спытаў пра сёе-тое з гаспадарчых спраў. Кулакоўскі.

зру́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Добра прыстасаваны для выкарыстання, такі, якім лёгка ці прыемна карыстацца. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.

2. Добры, падыходзячы; такі, які патрэбен. Зручны выпадак. □ [Тварыцкі] знайшоў зручны момант. Выйшаў з хаты, ляпнуў дзвярамі. Чорны. Хлопцы выбралі зручнае месца пад кустом ажыны, адкуль быў відаць увесь сад. Хомчанка. // Практычны, выгадны. — Мне чалавек зручны патрэбен. І я яго знайду, вядома, знайду. Пестрак.

зруша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Разм. Незак. да зрушыць.

зру́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. зрушваць — зрушыць.

зру́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зрушыцца.

2. Зал. да зрушваць.