пракажо́ны, ‑ага, м.
Чалавек, хворы на праказу.
прака́за, ‑ы, ж.
Цяжкая хранічная інфекцыйная хвароба, якая выяўляецца галоўным чынам у пашкоджанні скуры і тканак; лепра.
праказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што.
Тое, што і прагаварыць (у 1 знач.). Надзіва проста Ганна праказала тост. Дубоўка. [Андрэй] зняў шапку і хрыпла праказаў: — Добры вечар! Скрыпка.
пракалаці́цца, ‑лачуся, ‑лоцішся, ‑лоціцца; зак.
Калаціцца некаторы час (ад холаду, страху і пад.). Пракалаціцца ўсю ноч ад холаду.
пракалаці́ць, ‑калоціць; зак., каго.
Калаціць некаторы час (пра холад, страх і пад.). Ліхаманка пракалаціла яго ўвесь дзень.
пракалібрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Спец.
1. Надаць патрэбны калібр; вымераць, праверыць калібр чаго‑н. Пракалібраваць патроны.
2. Нанесці або праверыць шкалу дзяленняў. Пракалібраваць кінаплёнку.
пракало́цца, ‑калюся, ‑колешся, ‑колецца; зак.
Атрымаць пракол. Пасля абеду Каваль вазіў бярвенні. Апошні рэйс быў няўдалы: пракалоўся скат. Савіцкі.
пракало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.
1. што. Праткнуць наскрозь, навылет чым‑н. вострым, колючым. Мех быў праколаты ля завязкі як нажом: пракалолі, мусіць, немцы, калі выскачылі былі з сосніку. Пташнікаў. Вастраверхія елкі імкнуліся ўгару, нібы хацелі пракалоць блакітнае неба. Чарнышэвіч. // Колючы, пранікнуць куды‑н. або даць выйсце чаму‑н. Пракалоць пухір. // Утварыць (адтуліну) пры дапамозе чаго‑н. вострага, колючага. Хітры Зорах .. непрыкметна пракалоў сцізорыкам дзірку ў мяшку. Бядуля.
2. каго. Раніць каго‑н. колючай зброяй. Пракалоць штыком. □ Як толькі машыніст узяўся за рэгулятар і павярнуў, яго навылёт пракалоў клінок дзянікінца. Барашка. // што. Параніць, зрабіўшы пракол. [Палотны] рассцілалі на росным лузе ці на атаве, і па доўгай палатнянай дарожцы можна было бегчы ва ўвесь дух, не баючыся пракалоць аб іржэўнік ногі. Навуменка.
3. перан.; каго-што. Пранікнуць, прайсці наскрозь; пранізаць. На твары калючая ўсмешка, так і праколе, здаецца, навылет і Зэнку і гаспадара. Чорны.
пракалупа́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пракалупаць.