пракало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.

1. што. Праткнуць наскрозь, навылет чым‑н. вострым, колючым. Мех быў праколаты ля завязкі як нажом: пракалолі, мусіць, немцы, калі выскачылі былі з сосніку. Пташнікаў. Вастраверхія елкі імкнуліся ўгару, нібы хацелі пракалоць блакітнае неба. Чарнышэвіч. // Колючы, пранікнуць куды‑н. або даць выйсце чаму‑н. Пракалоць пухір. // Утварыць (адтуліну) пры дапамозе чаго‑н. вострага, колючага. Хітры Зорах .. непрыкметна пракалоў сцізорыкам дзірку ў мяшку. Бядуля.

2. каго. Раніць каго‑н. колючай зброяй. Пракалоць штыком. □ Як толькі машыніст узяўся за рэгулятар і павярнуў, яго навылёт пракалоў клінок дзянікінца. Барашка. // што. Параніць, зрабіўшы пракол. [Палотны] рассцілалі на росным лузе ці на атаве, і па доўгай палатнянай дарожцы можна было бегчы ва ўвесь дух, не баючыся пракалоць аб іржэўнік ногі. Навуменка.

3. перан.; каго-што. Пранікнуць, прайсці наскрозь; пранізаць. На твары калючая ўсмешка, так і праколе, здаецца, навылет і Зэнку і гаспадара. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)