Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

празры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які прасвечваецца, прапускае святло. Празрыстая вадкасць. □ У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка. Грахоўскі. // Тонкі, праз які відаць іншыя прадметы; ажурны. Празрыстая тканіна. // Ясны, чысты, праз які добра відаць іншыя прадметы. Вада каля берага зеленавата-блакітная, чыстая і празрыстая, падобная па колеру на марскую. В. Вольскі. Далі, яркія, празрыстыя, як шкло, пачалі зацягвацца валокнамі шэрай павуціны. Бядуля. Далягляд быў празрысты, і палоска лесу на небасхіле акрэслівалася выразна на чыстым небе. Хадкевіч. // у спалучэнні са словам «вочы». Ясны. Празрыстыя цёмна-шэрыя вочы яшчэ глыбей западалі ў арбіты, абведзеныя чорнымі кругамі фарбы. Гартны. // перан. З тонкай, бледнай скурай. Пасекліся косы за дротам. У ноч успамінаў і мукі Іх запляталі з пяшчотай Празрыстыя, цёплыя рукі. Маляўка. А калі яшчэ [Люся] надзявала белую сукенку — хоць ты яе насі на руках, гэткая яна станавілася лёгкая, празрыстая. Ермаловіч. // перан. Прыемны для слыху, меладычны. — Гэта хто тут пасе каня? — гукнуў празрыстым голасам адзін з хлопцаў. Чарот. // перан. Зразумелы, ясны, выразны. Метафары ў рамане таксама празрыстыя і выразныя, яны не засмечваюць мову, не абцяжарваюць стыль. Хромчанка. [Чорны] любіў празрыстую прозу Чэхава. «Полымя».

2. перан. Які можна лёгка разгадаць; ясны. Празрысты намёк. □ Напісаная мовай паэтычнай алегорыі, паэма вельмі празрыстая сэнсам. Навуменка.

празыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Насіць імя, назву, прозвішча; звацца. [Стрыбульскі:] — Дзейнічае тут партызанскі атрад. Празываецца «Дзед з барадою». Мележ. Кожны месяц настае маладзік перад нядзеляю, — маладзіковай празываецца тая нядзеля. Баранавых.

празыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да празваць.

празя́блы, ‑ая, ‑ае.

Які моцна празяб, змёрз. — Разведчыкам [сын] у нашых быў! Нічога не страшыўся... Падбярэцца, бывала, сярод ночы дахаты — стомлены, схуднелы, празяблы да касцей. Ракітны.

празя́бнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. празяб, ‑ла; зак.

Моцна азябнуць, змерзнуць. Матчыны словы.. [Ганна] разумее прыкладна так: «Надзень жакетку, бо можа аатрымае Мікалай і ты празябнеш». Сачанка.

празява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і без дап.

Разм. Не заўважыць, прапусціць, прагледзець. Алесь выцягваў шыю, каб за чужымі галовамі не празяваць, калі паявіцца Ніна. Шыцік. Пакуль дазваніўся, урэшце, ды растлумачыў, у чым справа, празяваў апошні аўтобус у Сяльцо. Быкаў. // Не выкарыстаць, упусціць зручны момант. Уборачная непакоіла Мароза. Ну, што ж, законна, летні дзень год корміць. Празяваеш яго — зімою месяцам не навярстаеш. Лобан. // Аслабіўшы ўвагу да каго‑, чаго‑н., прагледзець, недагледзець за кім‑, чым‑н. — Празяваў я хлопца, — быццам скардзіўся бацька старой. — Вырас ён тут без мяне. Цяжка цяпер у рукі ўзяць. Ох, цяжка. Вялікі ўжо. Сяркоў.

праілюстрава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праілюстраваць.

праілюстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

1. Аформіць ілюстрацыямі (тэкст кнігі, часопіса і пад.).

2. Паказаць што‑н. на наглядных прыкладах. Праілюстраваць палітычныя здабыткі народнага фронту можна на прыкладах забастовачнай салідарнасці рабочых і сялян Польшчы ў класавых бітвах 1937–1939 гадоў. У. Калеснік.

праімперыялісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца прыхільнікам імперыялізму; які ажыццяўляецца ў інтарэсах імперыялістаў, імперыялізму. Праімперыялістычны дзяржаўны пераварот.

праінструктава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праінструктаваць.