празява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і без дап.

Разм. Не заўважыць, прапусціць, прагледзець. Алесь выцягваў шыю, каб за чужымі галовамі не празяваць, калі паявіцца Ніна. Шыцік. Пакуль дазваніўся, урэшце, ды растлумачыў, у чым справа, празяваў апошні аўтобус у Сяльцо. Быкаў. // Не выкарыстаць, упусціць зручны момант. Уборачная непакоіла Мароза. Ну, што ж, законна, летні дзень год корміць. Празяваеш яго — зімою месяцам не навярстаеш. Лобан. // Аслабіўшы ўвагу да каго‑, чаго‑н., прагледзець, недагледзець за кім‑, чым‑н. — Празяваў я хлопца, — быццам скардзіўся бацька старой. — Вырас ён тут без мяне. Цяжка цяпер у рукі ўзяць. Ох, цяжка. Вялікі ўжо. Сяркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)