пражыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да пражыцца.
2. Зал. да пражываць (гл. пражыць у 3 знач.).
пражыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да пражыць (у 3 знач.).
2. Мець месца жыхарства дзе‑н. Разведчыкі начавалі ў лагеры рэдка, і старшына пражываў у зямлянцы найбольш адзін, як бабыль. Брыль.
пражыві́ць, ‑жыўлю, ‑жывіш, ‑жывіць; зак.
У выразе: душу пражывіць — пракарміцца; падсілкавацца. [Тамаш:] Часам і кавалка хлеба ў хаце не было. Нічога не было. Душу не было чым пражывіць. Чорны.
пражына́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да пражынаць.
пражына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пражаць (у 1, 2 знач.).
пражы́так, ‑тку, м.
У выразе: на пражытак — для таго, каб пражыць. Вядома, з такім хлопчыкам і старая магла ўправіцца, але трэба ж сродкі на пражытак. Сабаленка. — На два тыдні нам хопіць на пражытак, а там я пайду на завод. Савіцкі.
пражы́тачны, ‑ая, ‑ае.
Неабходны для таго, каб пражыць, праіснаваць.
•••
Пражытачны мінімум гл. мінімум.
пражы́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пражыць.
2. у знач. наз. пражы́тае, ‑ага, н. Тое, што пражыта, перажыта. Усплывалі вобразы пражытага, няясна вынікалі новыя. Колас.
пра́жыцца, ‑жыцца; незак.
1. Падвяргацца пражанню.
2. Разм. Пячыся на сонцы. Вымушаная раней увесь час пражыцца на санцапёку, .. [Паліна Фёдараўна] цяпер заўсёды знаходзіла вольнае месца пад парусінавым грыбам. Паслядовіч.
3. Зал. да пра́жыць (у 1 знач.).
пражы́цца, ‑жыву́ся, ‑жыве́шся, ‑жыве́цца; ‑жывёмся, ‑жывяце́ся; зак.
Разм. Патраціць на пражытак. Але Бачурка ведаў, што Сашка рызыкне пайсці да бацькі толькі тады, калі яны пражывуцца да апошняй капейкі. Гроднеў.
пражыццё, ‑я, н.
У выразе: на пражыццё — тое, што і на пражытак (гл. пражытак). Як бы там ні было, прыбыткаў з дома павінна хапіць.. [Амілі] на пражыццё. Чорны.