экіпа́ж 1, ‑а, м.
Агульная назва лёгкіх пасажырскіх павозак. Шэсць тыдняў назад пад экіпаж.. [Норава], калі ён ехаў з дакладам да губернатара, кінулі самаробную бомбу... Мехаў. Пасадзіла.. [Эльза] мяне ў свой экіпаж — фаэтончык такі чорненькі, ён і цяпер пад паветкай у яе стаіць, я табе пакажу яго калі-небудзь, — на рысорах, колы гумовыя, — і пакаціла, павезла. Сачанка.
[Фр. équipage.]
экіпа́ж 2, ‑а, м.
1. Каманда, асабовы састаў карабля, самалёта, танка і пад. Праз хвіліну мы ўжо ў самалёце. Сняжок [медзведзяня] цікаўна заглядае ў кожны куток. Вакол яго збіраецца ўвесь экіпаж самалёта. Бяганская. Экіпаж танкера павязе кітабоям флатылій «Слава» і «Савецкая Украіна», што знаходзяцца цяпер у водах Антарктыкі, разнастайны груз: гародніну, бульбу, садавіну, паліва, пошту. «Звязда».
2. Берагавая воінская часць марской пяхоты, якая часта выкарыстоўваецца для папаўнення флоцкіх каманд.
[Фр. équipage.]
экіпа́жны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да экіпажа 1. Экіпажнае кола. Экіпажныя дзверы. Прызначаны для экіпажа.
2. у знач. наз. экіпа́жная, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для экіпажаў ці майстэрня, у якой іх робяць.
экіпа́жны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да экіпажа 2. Экіпажная маёмасць. Экіпажныя дакументы.
экіпірава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. экіпіраваць і экіпіравацца.
экіпірава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад экіпіраваць.
экіпірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.
1. Забяспечыцца (забяспечвацца) усім неабходным. Алесь Юранак задаволена выцер рукі пакуллем, зірнуў на гадзіннік і сказаў: — Экіпіраваліся ажно на паўгадзіны раней часу. Васілёнак.
2. толькі незак. Зал. да экіпіраваць.
экіпірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.
1. Забяспечыць (забяспечваць) усім неабходным. Экіпіраваць атрад. □ Лётчыкі экіпіравалі Смірына, пасадзілі ў кабіну і памахалі рукамі. Алешка. // Разм. Забяспечыць (забяспечваць) адзеннем і абуткам.
2. Спец. Падрыхтаваць (падрыхтоўваць) рухомы чыгуначны састаў да новага рэйсу. Экіпіраваць вагоны.
[Ад фр. équiper.]
экіпіро́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для таго, каб экіпіраваць (у 2 знач.) што‑н. Экіпіровачнае дэпо.
экіпіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. экіпіраваць і экіпіравацца.
2. Усё неабходнае для таго, каб экіпіраваць каго‑, што‑н.; амуніцыя. Пажарнікі ў бліскучых медных касках — яны ззяюць на сонцы, як залатыя, — і ў поўнай экіпіроўцы — з сякерамі за брызентавымі паясамі, з доўгімі баграмі ў руках. Навуменка. // Разм. Адзенне, абутак.
эклампсі́я, ‑і, ж.
Цяжкае захворванне, якое ўскладняе працяканне цяжарнасці, роды і суправаджаецца сутаргавымі прыступамі, непрытомнасцю і пад. Сімптомы эклампсіі.
[Грэч. éklampsis — успышка.]
эклекты́зм, ‑у, м.
Кніжн. Беспрынцыповае, адвольнае аб’яднанне разнародных ідэйных напрамкаў, поглядаў, тэорый.
[Ад грэч. eklektokós — здольны выбіраць, які выбірае.]