Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

філумені́я, ‑і, ж.

Калекцыяніраванне загадкавых этыкетак.

[Ад грэч. phileō — люблю і лац. lumen — святло, агонь.]

фільдэко́с, ‑у, м.

Кручаная баваўняная пража, якая ўжываецца ў трыкатажнай прамысловасці.

[Ад фр. fil d'Écosse — шатландская нітка.]

фільдэко́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фільдэкосу; зроблены з фільдэкосу. Фільдэкосавыя шкарпэткі.

фільдэпе́рс, ‑у, м.

Шаўкавістая пража, падобная да фільдэкосу, але лепш апрацаваная; фільдэкос вышэйшага гатунку.

[Ад фр. fil de Perse — персідская нітка.]

фільдэпе́рсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фільдэперсу; зроблены з фільдэперсу.

філье́ра, ‑ы, ж.

1. Спец. Прыстасаванне ў прадзільнай машыне ў выглядзе каўпачка або дыска з адтулінамі для атрымання штучных нітак. З чырвона-белых ад гарачыні фільераў бясконца плыло тонкае бліскучае павуцінне. Савіцкі.

2. Металічная пласцінка з калібраванымі адтулінамі, праз якія цягнецца і шліфуецца дрот.

[Фр. filiere ад fil — валакно, нітка.]

фі́лькаў, ‑ава.

У выразе: фількава грамата гл. грамата.

фільм, ‑а, м.

1. Твор кінамастацтва для паказу на экране; тое, што і кінафільм. Гукавы фільм. Каляровы фільм. □ Асабліва.. [Зоя] любіла кінаартыстаў, запісвала новыя песні з апошніх фільмаў і адчувала сябе шчасліваю. Грахоўскі.

2. Тонкая празрыстая плёнка з нанесеным па яе святлоадчувальным слоем, якая ўжываецца для фатаграфічнай і кінематаграфічнай здымкі.

3. Тое, што і фільмакопія.

•••

Панарамны фільм — фільм, зняты пры дапамозе спецыяльнай апаратуры для дэманстрацыя на вялікім паўкруглым экране (кінапанарама) або на экранах, якія акружаюць гледача з усіх бакоў (кругавая кіпапанарама).

[Англ. film — абалонка, плёнка.]

фільма...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «фільм», «фільмавы», напрыклад: фільмафонд, фільмасховішча.

фі́льмавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фільма (у 1 знач.). Фільмавае дзеянне.