прабіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прабраць.
прабі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Шкляная трубачка з дном, якая выкарыстоўваецца ў лабараторнай практыцы. У кутку стаяў стол, а на ім мноства прабірак і шклянак. Асіпенка.
прабі́рны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да прабіравання. Прабірнае кляймо.
прабі́ршчык, ‑а, м.
Спец. Спецыяліст па вызначэнню колькасці каштоўных металаў у сплавах.
прабі́ршчыца, ‑ы, ж.
Спец. Жан. да прабіршчык.
прабітны́, ‑ая, ‑ое.
Разм. Тое, што і прабіўны (у 2 знач.). Прабітная і хітрая, .. [Аўдотка] табе ўсюды дапне. Вітка.
прабі́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прабіць.
прабі́ўка, ‑і, ДМ ‑біўцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. прабіваць — прабіць (у 1, 2 знач.).
прабіўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які прабівае што‑н., мае здольнасць прабіваць. Прабіўная сіла снарада.
2. Разм. Які можа дабіцца, дамагчыся чаго‑н. нягледзячы на цяжкасці; настойлівы. — Бачылі, якая моладзь расце. — Прабіўная, — адказаў Гамбіцкі. — Адукаваная, — уздыхнуў Кушнер. Шамякін.
прабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.
1. Прабрацца праз што‑н. з цяжкасцю, пераадольваючы перашкоды. Люба чула, што гаварылі конныя чырвонаармейцы, і старалася прабіцца да іх праз натоўп. Чорны. Прамень сонца прабіўся ў каюту праз вузкую шчыліну, весела затрапятаў на асколку шкла, што ляжаў на падлозе. Гамолка.
2. Выступіць на паверхню. Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, матуля адзінокая мая. Грахоўскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Мне стала горача — праз крыўду прабілася дурная рэўнасць. Савіцкі.
3. Захаваць здольнасць біцца на працягу якога‑н. часу (пра сэрца, артэрыі і пад.). Сэрца прабілася дзесяць мінут.
4. Разм. Біцца некаторы час.
5. Разм. Пражыць да якога‑н. часу, пераадольваючы цяжкасці, пракідацца. Суцяшаюць маму хлопцы: — Мы вясной усё здабудзем! — Як прыгрэе добра сонца, пойдзем зноў тады мы ў людзі. Нам абы зіму прабіцца! Дубоўка. — А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так і без мяне праб’ешся. Мележ.
•••
Не прабіцца — аб вялікай цеснаце.