прабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.
1. Прабрацца праз што‑н. з цяжкасцю, пераадольваючы перашкоды. Люба чула, што гаварылі конныя чырвонаармейцы, і старалася прабіцца да іх праз натоўп. Чорны. Прамень сонца прабіўся ў каюту праз вузкую шчыліну, весела затрапятаў на асколку шкла, што ляжаў на падлозе. Гамолка.
2. Выступіць на паверхню. Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, матуля адзінокая мая. Грахоўскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Мне стала горача — праз крыўду прабілася дурная рэўнасць. Савіцкі.
3. Захаваць здольнасць біцца на працягу якога‑н. часу (пра сэрца, артэрыі і пад.). Сэрца прабілася дзесяць мінут.
4. Разм. Біцца некаторы час.
5. Разм. Пражыць да якога‑н. часу, пераадольваючы цяжкасці, пракідацца. Суцяшаюць маму хлопцы: — Мы вясной усё здабудзем! — Як прыгрэе добра сонца, пойдзем зноў тады мы ў людзі. Нам абы зіму прабіцца! Дубоўка. — А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так і без мяне праб’ешся. Мележ.
•••
Не прабіцца — аб вялікай цеснаце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)