зрудзе́лы, ‑ая, ‑ае.
Які зрудзеў; парудзелы. Зрудзелае лісце. □ Матляўся на сцяне надарваны зрудзелы плакат. Быкаў.
зрудзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Зрабіцца рудым; парудзець. [Раман] сціскае ў руцэ халодны кашалёк. Вынасілася скура, зрудзела, працерлася. Пташнікаў.
зружаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Зрабіцца ружовым; паружавець. Забалелі, Зружавелі Яблыні і вішні. Бялевіч. На яго зірнуўшы, Ева ўся, як кветка, зружавела. Дубоўка.
зруйнава́льнік, ‑а, м.
Той, хто зруйнаваў або руйнуе што‑н.
зруйнава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які руйнуе, знішчае; разбуральны. Зруйнавальная сіла.
зруйнава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зруйнаваць.
2. Тое, што і разбурэнне (у 2 знач.). — А зруйнаванні і бамбёжкі да гэтага часу і ў сне трывожаць маё сэрца, — кажа Барыс. Гарбук.
зруйнава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад зруйнаваць.
зруйнава́цца, ‑нуецца; зак.
Разбурыцца, ператварыцца ў руіны. — Пры немцах, самі ведаеце, гаспадарка зруйнавалася, ад вёскі адны галавешкі засталіся. Навуменка. // Ліквідавацца, знішчыцца. Ён прыйдзе — дзень, Калі ў змаганні жаркім Зруйнуюцца заставы Й рубяжы. Лявонны.
зруйнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.
Разбурыць, ператварыць у руіны. [Банда] стараецца спаліць ці якім-небудзь іншым парадкам зруйнаваць.. завод. Чорны. // Ліквідаваць, знішчыць. У тых людзей, якія ў маладосці назаўсёды зруйнавалі быльняговыя межы і праклалі сцежкі ў новы дзень, павырасталі сыны і дочкі. Кухараў.
зру́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зруляваць.