Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.

1. Прышрубаваць; закруціць. Прыкруціць гайку. // Прымацаваць да чаго‑н. з дапамогай шрубы, балта і пад. Клін патрэбна было пазам пакінуць на правую па ходу цягніка рэйку і прыкруціць балтамі. Краўчанка.

2. Закручваючы, прымацаваць; прывязаць. Прыладзіў [Зіновій Цімафеевіч] пучок мачалы, дротам прыкруціў да кія. Важнецкі квач атрымаўся. Нядзведскі.

3. Закруціць трохі або тужэй; падкруціць. Прыкруціць кран. // Круцячы, пакручваючы (рычажок, ручку), зменшыць што‑н., збавіць сілу, моц чаго‑н. Прыкруціць кнот у лямпе. □ Андрэй запаліў вялікі калгасны ліхтар.., прыкруціў агонь — меншы не так патушыць вецер — і пайшоў на ферму. Пташнікаў.

прыкру́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыкруціць.

прыкру́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыкручваць — прыкруціць.

прыкру́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыкруціцца.

2. Зал. да прыкручваць.

прыкру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыкруціць.

пры́кры, ‑ая, ‑ае.

1. Які не падабаецца; непрыемны, брыдкі. Шэрыя хмары віселі нізка-нізка, часамі сыпаўся дробны дожджык, прыкры і халодны. Чарнышэвіч. [Лабановіч] закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Колас. Нехта хіхікаў тонкім, прыкрым смяшком. Хадкевіч. // Пакутлівы, цяжкі. — Добра ў нас, Федзя! — сказаў [Шэршань], каб неяк парушыць прыкрую цішыню, якая ўсталявалася пасля адыходу людзей. Лынькоў. У хаце запанавала глухая і прыкрая маўчанка. Васілевіч. Нельга было адкінуць прыкрае адчуванне, што ззаду цэляцца ў спіну. Мележ.

2. Які выклікае пачуццё незадавальнення; крыўдны. Прыкры выпадак. □ На сэрцы застаўся прыкры асадак ад чутага і бачанага. Гартны. — Я лепш пасяджу галодны дзень, але каб я спакоен быў і каб ніхто мне не мог слова сказаць прыкрага. Чорны.

3. Надакучлівы, нязносны. Зялёная, насычаная сонцам цішыня поўніцца прыкрым гудзеннем заядзі. Брыль. Боль толькі, з’едлівы, прыкры, у спіне ўзмацніўся. Мікуліч.

4. Прытарны, агідны. Прыкрая ласкавасць. □ Без рамантыкі, прыкрай і лішняй, .. адзначаем — батрак колішні і навуку любіў і работу. Дубоўка.

прыкрыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыкрываць — прыкрыць і прыкрывацца — прыкрыцца.

прыкрыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыкрыцца.

2. Зал. да прыкрываць.

прыкрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыкрыць.

прыкры́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыкрыкнуць.