пры́кры, ‑ая, ‑ае.

1. Які не падабаецца; непрыемны, брыдкі. Шэрыя хмары віселі нізка-нізка, часамі сыпаўся дробны дожджык, прыкры і халодны. Чарнышэвіч. [Лабановіч] закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Колас. Нехта хіхікаў тонкім, прыкрым смяшком. Хадкевіч. // Пакутлівы, цяжкі. — Добра ў нас, Федзя! — сказаў [Шэршань], каб неяк парушыць прыкрую цішыню, якая ўсталявалася пасля адыходу людзей. Лынькоў. У хаце запанавала глухая і прыкрая маўчанка. Васілевіч. Нельга было адкінуць прыкрае адчуванне, што ззаду цэляцца ў спіну. Мележ.

2. Які выклікае пачуццё незадавальнення; крыўдны. Прыкры выпадак. □ На сэрцы застаўся прыкры асадак ад чутага і бачанага. Гартны. — Я лепш пасяджу галодны дзень, але каб я спакоен быў і каб ніхто мне не мог слова сказаць прыкрага. Чорны.

3. Надакучлівы, нязносны. Зялёная, насычаная сонцам цішыня поўніцца прыкрым гудзеннем заядзі. Брыль. Боль толькі, з’едлівы, прыкры, у спіне ўзмацніўся. Мікуліч.

4. Прытарны, агідны. Прыкрая ласкавасць. □ Без рамантыкі, прыкрай і лішняй, .. адзначаем — батрак колішні і навуку любіў і работу. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)