Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фі́лія, ‑і, ж.

1. Тое, што і філіял. Філіі «Маладняка», што ўзніклі ў многіх гарадах Беларусі, мелі адпаведныя друкаваныя органы і выданні. Навуменка.

2. Філіял каталіцкай або лютэранскай царквы.

[Лац. filia.]

філія́л, ‑а, м.

Аддзяленне буйнога прадпрыемства, якой‑н. установы ці арганізацыі. Філіял музея. Філіял Акадэміі навук. □ Зімою амаль усе маладыя рабочыя вучыліся ў філіяле будаўнічай школы, набывалі спецыяльнасці муляраў і тынкоўшчыкаў, сантэхмантажнікаў і арматуршчыкаў. Грахоўскі.

[Ад лац. filialis — сыноўні.]

філія́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да філіяла, з’яўляецца філіялам. Філіяльная арганізацыя. Філіяльная царква.

філія́цыя, ‑і, ж.

1. Развіццё чаго‑н. у паслядоўнай сувязі, у прамой залежнасці ад папярэдняга. Філіяцыя ідэй. Філіяцыя значэння слова.

2. Спец. Набыццё грамадзянства ў выніку нараджэння.

[Фр. filiation.]

філо́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне філалогіі. Даследчык летапісаў павінен быць і філолагам і гісторыкам. «Полымя». // Разм. Студэнт філалагічнага факультэта ў вышэйшай навучальнай установе.

філо́н, ‑а, м.

Разм. пагард. Той, хто ўхіляецца ад працы; гультай. — Ха, перад самай адпраўкай захварэў. Яснае дзела — пафілоніць надумаўся. Бачылі мы такіх філонаў. Васілёнак.

філо́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм. пагард. Ухіляцца ад працы; гультаяваць. Малярных работ хоць адбаўляй, а дзявочая брыгада фактычна філоніць. Мыслівец.

філо́саф, ‑а, м.

1. Спецыяліст у галіне філасофіі, а таксама наогул мысліцель, які займаецца распрацоўкай пытанняў светапогляду. Філосафы старажытнасці. □ Мы песні складалі Пра маладосць, Пра любоў. Чыталі філосафаў, Лёталі ў Арктыку. Зарыцкі. // Разм. Студэнт філасофскага факультэта вышэйшай навучальнай установы.

2. перан. Чалавек, які ўдумліва адносіцца да жыцця; умудроны жыццёвым вопытам чалавек. Мудры дзед. Век ажыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.

3. Разм. Чалавек, схільны да абстрактных разважанняў. Мікола, каб неяк прынізіць гэтага самаўпэўненага філосафа, сказаў: — У сямейным жыцці трэба не філасофстваваць, а жыць, і ўсё... Гаўрылкін.

філумені́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто займаецца філуменіяй.

філумені́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да філуменіст.