Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узбуджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узбудзіць (у 2–4 знач.).

узбу́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да узбудзіцца (у 1 знач.).

2. Зал. да узбуджваць.

узбу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узбудзіць (у 1 знач.).

узбуджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. узбуджаць — узбудзіць (у 2–4 знач.).

2. Стан актыўнай, напружанай нервовай дзейнасці; хваляванне. Першае нервовае ўзбуджэнне прайшло, але мае сябры паводзяць сябе трывожна. С. Александровіч. Турсевіч прыйшоў у рух і ўзбуджэнне, трос сябра за плечы,.. смяяўся. Колас. — Ага, папаўся! — пераможна махаючы рукамі ад узбуджэння, крычаў пажылы чалавек. Карпюк.

3. Спец. Рэакцыя клеткі, яе частак, тканкі, органа ў адказ на раздражненне з вонкавага ці ўнутранага асяроддзя.

узбудзі́цца, ‑буджуся, ‑будзішся, ‑будзіцца; зак.

1. Прачнуцца, абудзіцца. [Рудзін] узбудзіўся, калі раптам да варот кінуліся сабакі, пачалі .. брахаць. Галавач.

2. перан. Ажыць, абудзіцца; пачаць актыўна, напружана дзейнічаць. А люблю я, сын, зіму, Калі сонца ўзбудзіцца, Снег пагнаўшы да рэк. Кірэенка. Бух! — грукнуў стрэл, лес узбудзіўся! Колас.

3. Прыйсці ў стан нервовага пад’ёму. Нервы ўзбудзіліся.

узбудзі́ць, ‑буджу, ‑будзіш, ‑будзіць; зак., каго-што.

1. Заставіць прачнуцца; разбудзіць. Ноч мінула. Надышла раніца. Холад узбудзіў амаль усіх. Чарот. [Сябар:] — Ну, што, Антоні, рыбу вудзіш? Заснеш, брат, потым і не ўзбудзіш. Колас. / у перан. ужыв. І вялікае жаданне ў людзей даць спаўна энергіі гораду, азарыць, узбудзіць тайгу. Мыслівец.

2. Паставіць, вынесці што‑н. на абмеркаванне, вырашэнне. Пецярбургская судовая палата ўзбудзіла супраць суполкі [«Загляне сонца і ў наша вакенца!»] судовую справу. Семашкевіч.

3. перан. Давесці да нервовага або прыўзнята-нервовага стану; усхваляваць. Аднак была ў ім [гэлефонным званку] і такая вестка, якая вельмі ўзбудзіла Дзяніса Рыгоравіча, прымусіла разгубіцца, пазбавіцца на імгненне дару мовы. Харкевіч.

4. перан. Выклікаць, абудзіць (пачуцці, думкі, стан і пад.). Узбудзіць рэўнасць. Узбудзіць апетыт. □ Адчуўшы, што ўзбудзіла ў маладым шафёру цікавасць, маладзіца .. выняла люстэрка і какетліва паправіла спадаўшыя на лоб завіткі. Хадановіч. Незвычайнае начное жніво ўзбудзіла ў Зінінай душы .. ўспаміны. Кулакоўскі.

узбу́длівасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць рэагаваць на ўздзеянне раздражняльніка. Узбудлівасць клетак жывой тканкі. Узбудлівасць нервовай сістэмы.

узбу́длівы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Здольны хутка адказваць на ўздзеянне раздражняльнікаў. Узбудлівыя тканкі.

узбуйне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў больш буйным. Узбуйнелае зерне. □ А то і задрамлю, здаралася, на ўзбуйнелым сухажыллі карэнняў. Мыслівец.

узбуйне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узбуйняць — узбуйніць і узбуйняцца — узбуйніцца.