Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

свіны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да свінні (у 1 знач.). Свіное сала. Свіны статак. // Прызначаны для свіней. Свіная ферма. Свіная бульба. // Прыгатаваны, зроблены з мяса ці скуры свінні. Свіная тушонка. Свіныя катлеты. // Такі, як у свінні; маленькі, заплыўшы (пра вочы). З-пад калматых броваў пазіралі маленькія свіныя вочкі. Карпюк.

•••

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы гл. сабрацца.

свіня́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які мае адносіны да свінні, належыць свінні. Свінячы лыч. // Уласцівы свінні, свінням. [Злобіч:] — Трэба не нервы мець, а вяроўкі, каб трываць гэты свінячы піск. М. Ткачоў. // Прызначаны для свіней. Але япручкі пішчаць там [на другім паверсе] пачалі, непакоіцца, галадоўку аб’явілі і свінячых прысмакаў не захацелі есці. Колас.

2. перан. Лаянк. Паганы, свінскі, які не заслугоўвае павагі. Свінячая морда. □ [Цётка Даша:] — Я гэтага свінячага пана зараз так турну з двара, што ён дарогі ў свой маёнтак не знойдзе! Шашкоў. Загула грамада Ды загаманіла: — Ці ж дастойна суда свінячае рыла? Колас.

свіня́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Разм.

1. Забруджваць што‑н., рабіць беспарадак.

2. перан. Паскудзіць, шкодзіць каму‑н. у чым‑н.

сві́ран, ‑рна, м.

Халодны будынак, прызначаны для захоўвання збожжа, мукі і іншых прадуктаў, а таксама рэчаў і пад. Вакол дзядзінца, паўкругам, размяшчаліся розныя гаспадарчыя будовы — скляпы, свірны, стайня. Якімовіч. Кладзі гной густа, не будзе ў свірне пуста. Прыказка.

свіргата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.

Разм.

1. Шчабятаць. І ластаўкі, падобныя на ноты, Свіргочуць на лянівых правадах, А ты ад непасільнай адзіноты Варочайся пад непрытульны дах. Гаўрусёў.

2. Скрыгатаць. Драты звіняць, драты свіргочуць, згінае рэйкі паравоз... Дудар. Велізарны мядзведзь сам запрогся ў калёсы і ўпрыскочку ідзе, аж свіргочуць атосы. Дубоўка.

свірнавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да свірна. Інжынер П. С. Вараб’ёў прапанаваў новы спосаб сушэння збожжа і барацьбы са свірнавымі шкоднікамі. «Беларусь». // Характэрны для свірна. Свірнавы пах.

сві́рнік, ‑а, м.

Абл. Свіронак. І раптам у сваім двары.. [бацька] убачыў адчыненыя дзверы свірніка. Чорны.

свіро́нак, ‑нка, м.

Памянш. да свіран; невялікі свіран. На Бярозавым хутары ёсць работа: свіронак перасыпаць ды паветку змайстраваць Адольфу Даўнару. Колас.

свірчэ́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Разм. Утвараць гук са свістам пры палёце, руху і пад. [Дзед] сек.. [дровы] з такой лютасцю, што які аскабалак ламачыны аж узлятаў у паветра, свірчэў якую хвіліну, як.. добры прапелер, і з размаху плюхкаўся ў рэчку. Лынькоў.

свірэ́па, ‑ы, ж.

Пустазелле, палявая шматгадовая расліна сямейства крыжакветных з жоўтымі кветкамі. Паміж зялёнага мора, якое хвалямі пералівалася на сонцы, месцамі былі спрэс жоўтыя плямы свірэпы. Гурскі.