Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

светластво́лы, ‑ая, ‑ае.

Са светлым ствалом. І Кузьма павёў аднойчы сябра ў сапраўды яшчэ некрануты стары лес, дзе сярод вялізных кустоў арэшніку раслі магутныя дубы і ліпы, светластволыя асіны і ясені, сівыя прысадзістыя грабы, гонкія елкі і стройныя белыя бярозы. Ляўданскі.

све́тласць 1, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан светлага. Светласць валасоў. □ У краі пагоркаў пясчаных Сэрцам радня не счарсцвелы, Трымае яна ў пашане Светласць бярозы белай. Жычка.

све́тласць 2, ‑і, ж.

У дарэвалюцыйнай Расіі — тытулаванне некаторых уладарных асоб і князёў (ужывалася з займеннікамі ваша, яго, яе, іх). [Палкоўнік:] — Бачыш, ніякая маскіроўка не памагла, Язэп Францавіч... Так, здаецца, велічаюць вашу светласць? Ваданосаў.

светлата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.

Тое, што і светласць ​1.

светлатва́ры, ‑ая, ‑ае.

Са светлым тварам. Светлатзары хлопец.

светлачу́бы, ‑ая, ‑ае.

Са светлым чубам. белакуры. Светлачубы мужчына.

све́тленькі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Ласк. да светлы (у 1–4 знач.).

све́тлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ярка свеціць. І бачыў месяц светлы Цяжкі Лявонаў крок. Панчанка. З тых дзён, як воляй ленінскіх дэкрэтаў Дзяржавай стала наша Беларусь, Знайшоў народ шляхі да яснай мэты, Убачыў шчасця светлую зару. Звонак.

2. Добра асветлены, напоўнены святлом. Дзень выдаўся сонечны, светлы, з невялікім марозам. Шамякін. У светлай зале За чырвоны стол Сям’ёй адзінай Селі з намі поруч Сяляне з польскіх і румынскіх сёл. Аўрамчык. // Які прапускае шмат сонечнага святла, які накіраваны да сонца (пра вокны, шкло і пад.). У нашым клубе вялікія светлыя вокны. Брыль. [Якуб] адсоўваецца далей у кут і дае Саньку месца побач, ля светлых шыбінак. Якімовіч.

3. Не цёмнага колеру. Светлы касцюм. Светлыя косы. Светлыя вочы. □ Светлыя хмаркі — дзеткі прастору — Ціха па небе плывуць. Колас. // Які адбівае бляск, бліскучы. Зіхацяць азёры светлым глянцам. Звонак.

4. Чысты, празрысты (пра вадкасць). Вада ў затоцы светлая і чыстая. Ігнаценка. [Дзед і Сашка] падышлі да дрэва і нахіліліся да падсечкі на ствале. З прыладжанай лучынкі сцякалі светлыя кроплі. Даніленка. І бярозы пянёк Паміж дрэў высокіх У зацішку ў прыпёк Плакаў светлым сокам. Бялевіч. // Чысты, ясны, не затуманены (пра вочы, погляд). У чырвонай касынцы, з пытаннем сваім, Як юнацтва, стаяла яна [Марына] перад ім, З тым жа позіркам светлым трывожных вачэй, З тым жа сэрцам, — як помнік ягоных [Цімоха] надзей. Куляшоў. // Высокі, чыстага, металічнага тэмбру (пра голас, гук).

5. перан. Нічым не азмрочаны; шчаслівы. Светлая будучыня. Светлыя ўспаміны. Светлы дзень. □ Цяпер паставіў ты [Мазыр] у свой герб сталёвы молат, востры серп. Стварыўшы шчасце, пройдзеш з ім да светлай мэты — у камунізм. Дубоўка. Песню вецер нясе — То дзяўчаты пяюць грамадою Пра каліну, што ў лузе цвіце, Ды пра светлую долю. Гілевіч. // Азораны ўнутраным святлом, пачуццём радасці. Салавей спяваў нам аж да лета, Як па нотах выцінаў, Захапляўся нашай дружбай светлай І вяселле прадракаў. Астрэйка. На вуліцы сабралася многа людзей, і твары ва ўсіх былі светлыя, узрадаваныя. Бяганская. // Прасякнуты аптымізмам, узнёслы. Са сцэны гучаць прапікпёныя сімфоніі Чайкоўскага, лірычна ўзнёслая, светлая музыка Пракоф’ева, творы Шастаковіча. «Маладосць».

6. перан. Урачысты, радасны (пра чалавека). І юбіляр — такі светлы, які не бываў даўно, З усмешкай горда і важна Адказаў па гучныя словы. Кірэенка.

7. Якому ўласцівы высокія маральныя якасці; высакародны. Не будзе мне ні праўды, ні натхнення, Пакуль я не прайду па месцах тых, Дзе жыў, тварыў, гарэў наш светлы Ленін, Каб разагнаць стагоддзяў змрок густы. Панчанка.

8. перан. Лагічны, ясны (пра розум, думкі). Надзя добра ведае, што і вёсцы патрэбны светлы розум і залатыя рукі. «Полымя». Але хоць не магу дыхаць на поўныя грудзі ад страху, думкі мае светлыя і вострыя як ніколі. Карпюк.

9. Які мае адносіны да свята вялікадня ў хрысціян. А сёння светлая субота. Гуляе месяц, як алень. Дукса.

10. Уст. і нар.-паэт. Ужываецца як пастаянны эпітэт цара, князя, баярына і пад. Верны паслугач таго магната Вынюхаў, Расказваў: — Светлы пан, Навярнуў карчоў дзівак багата. Бялевіч.

•••

Светлы шрыфт гл. шрыфт.

Светлая галава гл. галава.

Светлая памяць — ужываецца як выказванне пашаны да памёршага.

светлыня́, ‑і, ж.

Разм. Яркае асвятленне, пры якім усё добра відаць. Светлынёй золак далі ўсе расквеціў. Чарнушэвіч.

светлячо́к, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да святляк; тое, што і святляк. Бацька разгарнуў насоўку ў цемені, і светлячкі заззялі белым халодным святлом. Пальчэўскі. // звычайна мн. (светлячкі́, ‑оў); перан. Пра бляск вачэй. У яго [Колышава] чыстых, адкрытых шырока вачах успыхвалі цікаўныя і неспакойныя светлячкі. Мележ.

све́тнік, ‑у, м.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства гваздзіковых з ружовымі, радзей белымі кветкамі; гарыцвет.

2. Тое, што і адоніс.