Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

саба́чніца, ‑ы, ж.

Жан. да сабачнік (у 1, 2 знач.).

саба́чнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Праводзіць час сярод сабак, забаўляцца сабакамі. Не мая гэта справа, я чалавек просты. Вось паляваць ды сабачнічаць — гэта ўжо іншае. Караткевіч.

сабачу́га, ‑і, м.

Разм.

1. Вялікі сабака. Хацелі павесіць ці атруціць, але сабачуга не даваўся. Сабаленка.

2. перан. Груб. Ілгун, манюка.

саба́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сабакі; належыць сабаку. Сабачая будка. □ На сабачы брэх, пакуль Галя ставіла ля частакола веласіпед, выйшла сястра Марына, а за ёю выбег у кароткіх штоніках на падцяжачках, белагаловы, босы Сцепік. Ермаловіч. // Зроблены з футра сабакі. Сабачая даха.

2. Уласцівы сабаку (у 1 знач.); такі, як у сабакі. Я многа скептыкаў пабачыў З душой, спустошаная датла; У іх і нюх, і спрыт сабачы, І боязь рэзкага святла. Панчанка. Старая сачыла дурным, спалоханым, сабачым позіркам, старалася дагадзіць як магла! Мележ.

3. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачае жыццё. □ Не дарма кажуць: «Батрачы хлеб — сабачы». Якімовіч. Усё .. жыццё [Васіля], усе думкі былі ў тым, каб скарэй збавіцца ад сабачай службы. Колас. // перан. Разм. Незвычайна моцны ў сваім праяўленні. Сабачы голад. □ Холад сабачы, дажджы льюць, а тут ніхто і вачэй на курган не паказвае... Ракітны. // перан. Разм. Адданы, паслужлівы, пакорны. Бачыце, як людзі рады, што ўбачылі нас, — растлумачыў гэта па-свойму шавец, звяртаючыся да каменданта, на якога пазіраў увесь час адданымі сабачымі вачыма. Шахавец. // перан. Разм. Ганебны, агідны. Вера .. расказала .. аб людзях-смаўжах, людзях без сэрца, што падаліся на сабачую службу да фашыстаў, выгінаюць перад імі свае хрыбты і люцей звера накідваюцца на нашых людзей. Лынькоў.

4. Разм. лаянк. У складзе некаторых зневажальных выразаў. Сабачы сын. Сабачая душа. □ [Астап:] — Жыцця ты майго хочаш, крыві маёй прагнеш, блыха сабачая! Лынькоў. [Максім:] — Слухай, Сашка, якая ў гэтым твая сабачая справа? Машара.

5. у знач. наз. саба́чыя, ‑ых. Сямейства драпежных млекакормячых, да якога адносяцца свойскі сабака, воўк, пясец, шакал.

6. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Сабачая мята. Сабачы клешч. □ На ножцы бусловай Сабачы грыбок Уверх падымае Свой жоўты чубок. Бядуля.

•••

Сабачая ножка — тое, што і казіная ножка (гл. ножка). Скурыўшы дзве «сабачыя ножкі», Васіль прылёг на трошкі. Крапіва.

Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру гл. ушыцца.

саба́чына, ‑ы, ж.

Мяса сабакі. Мог Іліко расказаць пра скупога папа, які праваліўся пад зямлю за тое, што пачаставаў сваю радню замест бараніны смажанай сабачынай. Самуйлёнак.

саба́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

Разм. груб. Сварыцца, лаяцца. Другому падшыванцу Трахім і сапраўды пакруціў бы вушы, а гэтага ён толькі страшыць, не хоча з суседам сабачыцца. Крапіва.

сабе́,

гл. сябе.

сабе́, (без націску), часціца.

Разм. Ужываецца пры дзеясловах або займенніках для падкрэслівання, што дзеянне адбываецца спакойна, незалежна, з задавальненнем. Як сабе хочаш. □ Жывуць сабе камунары Весела, шчасліва. Купала. Узбіўся той пастух на гэтую грэблю дый тупае сабе, прыслухоўваючыся. Мурашка. Цяля вільготнай пысай Траву сабе скубе. Голуб. // З выказваннем дакору. Што ты сабе думаеш?

•••

Не так сабе гл. так.

Так сабе гл. так.

Хай сабе — добра, хай будзе так. Хай сабе смяюцца. □ [Андрэй:] — Ужо мала таго, што.. абед не згатаваны, — ну, хай сабе, скажам так, раўнапраўнасць, але ж і не пагуляе [Таццяна], як даўней. Зарэцкі.

Хоць бы сабе гл. хоць.

Як сабе ні гавары — тое, што і што ні гавары (гл. гаварыць).

сабе́і, ‑яў; адз. сабей, ‑я, м.; сабейка, ‑і, ДМ ‑бейцы; мн. сабейкі, ‑беек; ж.

Паўднёваарабскія плямёны, якія жылі ў 9 ст. да н. э. — 2 ст. н. э. на тэрыторыі сучаснай Арабіі.

сабе́й,

гл. сабеі.

сабе́йка,

гл. сабеі.