пыхлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Фанабэрысты, празмерна ганарысты. Нібы абудзіўшыся ад сну, .. [Ганна Паўлаўна] ўбачыла перад сабою рэальнага Падаляку — самазадаволенага, пыхлівага, з трох’ярусным падбародкам і чырвоным паркам. Вірня. // Які выяўляе, выказвае фанабэрыстасць, ганарыстасць. Прыняўшы пыхлівую паставу,.. [Мельнік] гатоў быў абвінаваціць праціўніка ва ўсіх зямных грахах. Гамолка.
пы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да пыхкаць.
2. Раптоўна і хутка заняцца агнём. Агонь .. [Падбярэцкі] расклаў адным махам — смалякі пыхнулі, як порах. Пташнікаў. Дасталі запалкі, падпалілі сухі ядловец, і касцёр адразу пыхнуў. Дубоўка. // Раптоўна загарэцца, засвяціцца ярчэй. Падышла дзяўчынка, высыпала з прыполу на вуголле шматкі бяросты. Ярка пыхнула полымя. Хомчанка. // Хутка і моцна пачырванець. Твар Казіміра зноў пыхнуў чырванню. Краўчанка.
пыхце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.
1. Цяжка дыхаць, сапці. Пыхцела Юля, упіралася, падала, паднімалася і зноў падала, але свайго дамаглася. Гарбук.
2. Тое, што і пыхкаць. А чыгунок, бы пан пузаты, Кіпіць, пыхціць, шуміць заўзята. Колас.
пы́цель, пы́тля і пы́тлю, м.
1. пы́тля. Тое, што і вальцы (у 2 знач.).
2. пы́тлю. Пытляваная мука. [Жанчына:] — А дзе-ж мне той пшаніцы на пыцель набрацца? Брыль.
•••
Даць (задаць) пытлю гл. даць.
пы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Круглая пульхная булка. Ударніку — мядовыя пышкі, а гультаю — яловыя шышкі. З нар.
пышнавало́сы, ‑ая, ‑ае.
З пышнымі валасамі. З кабіны крана высунулася пышнавалосая галава, бліснулі вялікія сінявыя вочы, потым паказаўся сцяты кулачок. Хадкевіч. Пышнавалосая, рослая афіцыянтка сваім з’яўленнем на нейкі момант прымірыла ўсіх за сталом. Мыслівец.
пышнагру́ды, ‑ая, ‑ае.
З высокімі поўнымі грудзьмі. Белакосая, пышнагрудая дзяўчына ў квяцістай сукенцы нечакана выйшла з двара... Шамякін.
пы́шнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і якасць пышнага (у 1 знач.). Альбіна заспяшалася апранацца і ўжо на беразе вельмі ж пільна глядзела на Галю. І, мабыць, зайздросціла пругкасці яе маладога цела, прыгажосці яе твару, пышнасці яе светлых валасоў. Сабаленка.
2. Раскоша. Пан Вашамірскі рыхтаваўся да Новага года і з усёй пышнасцю ўпрыгожваў палац, застолле. Кучар. У крэпасці быў прасторны мураваны храм, пабудаваны «з вялікай пышнасцю». «Полымя».
пышне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца пышным, пышнейшым.