прыбліжэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыбліжаць — прыблізіць і прыбліжацца — прыблізіцца.
2. Спец. Прыбліжанасць (рашэння, вылічэння). Ступень прыбліжэння.
прыблі́зіцца, ‑блі́жуся, ‑блі́зішся, ‑блі́зіцца; зак.
1. Перамясціцца на больш блізкую адлегласць да каго‑, чаго‑н. Хвядзько саскочыў на другі бок ка́раў, абышоў іх і прыблізіўся да людзей. Лобан. Рыгор выйшаў у пустую глядзельную залу і прыблізіўся да ўваходу за сцэну. Гартны.
2. Стаць блізкім у часе.
3. Стаць больш блізкім да каго‑н., зблізіцца з кім‑н. Пасля размовы з лейтэнантам Юзік зноў нібы прыблізіўся да .. [Любы]. Васілевіч.
4. Стаць падобным на што‑н. Прыблізіцца да лепшых узораў.
прыблі́зіць, ‑бліжу, ‑блізіш, ‑блізіць; зак.
1. каго-што. Прысунуць, перамясціць блізка да каго‑, чаго‑н. — У цябе тут нічога няма?.. [Сіла Прохаравіч] прыблізіў свой твар да самага твару Пеціка. Навуменка. // перан. Зрабіць адпаведным інтарэсам, патрабаванням каго‑, чаго‑н.; непасрэдна звязаць з кім‑, чым‑н. Прыблізіць літаратуру да жыцця. Прыблізіць навучанне студэнтаў да практыкі камуністычнага будаўніцтва.
2. што. Зрабіць больш блізкім у часе, паскорыць наступленне чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца баржджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы. Колас. Думаць прымусіць аб заўтрашнім дні, каб камунізма прыблізіць пару. Чарнушэвіч.
3. каго-што. Дапусціць блізкія адносіны з сабой; уключыць у лік прыбліжаных. Не, Гарбачоў не баяўся, што яму не ўдасца зноў прыблізіць да сябе Люсю. Шашкоў. [Пілсудскі] прыкмеціў беглага паручніка і прыблізіў да сябе. Новікаў.
4. каго-што. Зрабіць больш блізкімі, зразумелымі адзін аднаму. Просьба, асабліва такі зварот, нібы прыблізілі Косцю да Марынкі. Шыцік.
5. што. Зрабіць падобным да чаго‑н.
прыблі́зна, прысл.
1. Прысл. да прыблізны.
2. (у спалучэнні са словамі, якія абазначаюць колькасць). Трохі менш або трохі больш, трохі раней або трохі пазней. Дзесяць варожых эшалонаў — асабісты рахунак Кастуся. Рахунак брыгады, безумоўна, трохі большы, — прыблізна разоў у дзесяць — пятнаццаць. Брыль. — Заўтра, так прыблізна каля дзвюх гадзін дня, просім мець ласку прыбыць у сяленне Сабакучаво. Самуйлёнак.
прыблі́знасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прыблізнага. Прыблізнасць вылічэнняў.
прыблі́зны, ‑ая, ‑ае.
Не зусім дакладны, але больш-менш блізкі да сапраўднага. Прыблізны падлік. Прыблізныя звесткі. □ Камандуючы быў незадаволены: ён выявіў, што разведчыкі.. карысталіся прыблізнымі данымі, мала рыхтаваліся да аперацый. Мележ.
прыблу́да, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм.
1. Чужы, не тутэйшы чалавек. — Гэта ваша апошняе слова? — затрос галавою Шлосберг. — Не, — ледзь падняўся Качарга. — Чаго ты сюды прывалокся? Прыблуда! Гурскі.
2. Аб прыблуднай жывёліне. [Воўк] звер скупы і злосны — да логава другога не пусціць і блізка, на прыблуду кідаецца з зубамі — крыві не мінуць. Пташнікаў.
прыблудзі́цца, ‑блуджуся, ‑блудзішся, ‑блудзіцца; зак.
Разм. Прыстаць да чужога статка, двара, хаты і пад. Чалавек першы загаварыў да пастушкоў. — Ці не чулі вы, хлопцы, можа тут конь які прыблудзіўся? Крапіва. [Алень] прыблудзіўся на батарэю яшчэ зімой і, як расказваюць, быў пестуном гарматных разлікаў. Шамякін. // Далучыцца да якой‑н. групы; прыстаць да якога‑н. месца (пра чалавека).
прыблудзі́ць, ‑блуджу, ‑блудзіш, ‑блудзіць; зак.
Разм.
1. Блудзячы, апынуцца дзе‑н. — Тады такая завіруха была. Я ледзь прыблудзіў да Вуднева... Кудравец.
2. Тое, што і прыблудзіцца. У паліцыі ўжо дванаццаць чалавек, з іх толькі шасцёра мясцовых. Астатнія або прыблудзілі немаведама адкуль, або жывуць у мястэчку год ці два. Навуменка.
3. Трохі зблудзіць. [Салдат:] — І вось тут мы крыху прыблудзілі... Пестрак.
прыблу́днік, ‑а, м.
Абл. Той, хто далучыўся да каго‑н., прыстаў, прыблудзіўся да якога‑н. месца. Усё ўскладнялася яшчэ і тым, што ў гэтыя ж балотныя, пустэльныя мясціны трапілі некаторыя адшчапенцы з далёкіх брыгад і злучэнняў.. Амаль кожны з такіх прыблуднікаў жыў сам па сабе і дзейнічаў як хацеў. Кулакоўскі.