прыблі́зіць, ‑бліжу, ‑блізіш, ‑блізіць; зак.

1. каго-што. Прысунуць, перамясціць блізка да каго‑, чаго‑н. — У цябе тут нічога няма?.. [Сіла Прохаравіч] прыблізіў свой твар да самага твару Пеціка. Навуменка. // перан. Зрабіць адпаведным інтарэсам, патрабаванням каго‑, чаго‑н.; непасрэдна звязаць з кім‑, чым‑н. Прыблізіць літаратуру да жыцця. Прыблізіць навучанне студэнтаў да практыкі камуністычнага будаўніцтва.

2. што. Зрабіць больш блізкім у часе, паскорыць наступленне чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца баржджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы. Колас. Думаць прымусіць аб заўтрашнім дні, каб камунізма прыблізіць пару. Чарнушэвіч.

3. каго-што. Дапусціць блізкія адносіны з сабой; уключыць у лік прыбліжаных. Не, Гарбачоў не баяўся, што яму не ўдасца зноў прыблізіць да сябе Люсю. Шашкоў. [Пілсудскі] прыкмеціў беглага паручніка і прыблізіў да сябе. Новікаў.

4. каго-што. Зрабіць больш блізкімі, зразумелымі адзін аднаму. Просьба, асабліва такі зварот, нібы прыблізілі Косцю да Марынкі. Шыцік.

5. што. Зрабіць падобным да чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)