Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

про́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Аднародны па саставу, элементарны; не складаны, не састаўны. Простае рэчыва. Просты арганізм. Просты лік.

2. Не складаны, не цяжкі для разумення, выканання, рашэння. Простая справа. Простае рашэнне. □ Цяпер я адчуў, што гэта дарога не такая простая і лёгкая, якою здавалася мне дома. Колас. — Але чым мы горшыя за іх? — Маці не магла адказаць на гэтае справядлівае простае пытанне. Шамякін.

3. Без асаблівых упрыгожанняў; не мудрагелісты, не вычварны. Сям-там узвышаліся ў рыштаваннях пабудаваныя ўжо гмахі простых, прыгожых дамоў. Карпаў. Кракталі жабы. Было нешта смутнае і жалобнае ў гэтай простай і аднатоннай іх песні.. Колас. Простыя, задушэўныя і шчырыя радкі.. змяняліся мужнымі і гнеўнымі словамі, у якіх бурліла нянавісць да прыгнятальнікаў. С. Александровіч.

4. Грубы па якасці; недастаткова апрацаваны. Мука простага памолу. □ Аснову для каптуроў маці рабіла з простага палатна. Бядуля. Новая мэбля, нефарбаваная, простая, відаць, работа чарніцкіх местачковых майстроў, была дасціпна парасстаўляна на сваім месцы. Чорны.

5. Які нічым не вызначаецца сярод іншых; звычайны. — Раз ты сельсаветчык, то ты можаш распараджэнне даваць. — Што ты гэта! Што я начальнік які ці што? Я просты чалавек. Чорны. Па задзірыстым тоне Цімоха і косых позірках астатніх мужчын Валюжынец зразумеў, што гэта не просты жарт. Б. Стральцоў.

6. Звычайны, не заказны (пра пісьмо, бандэроль і пад.).

7. Няхітры, прастадушны, адкрыты, не ганарлівы. [Дар’я:] — Я марыла, што муж у цябе будзе чалавек просты, свойскі... Шамякін. Пятроўна павяла [Хіму] на сход работніц з фабрыкі. Усе яны былі простыя, знаёміліся з Хімаю, расказвалі аб сваім жыцці. Каваль.

8. Разм. Наіўны, недалёкі. Простыя вельмі людзі яны: вераць нават у нячыстую сілу. Бядуля.

9. Уст. Які належыць да непрывілеяванага класа, саслоўя. Асцярожна, пан Канеўскі! Будзе ліха, будзе, Не забудзься, што сумленне ёсць і ў простым людзе! Купала. // Які належыць да працоўнай часткі грамадства; працоўны. Простыя людзі стварылі Дзяржаву на ўсходзе. Куляшоў.

10. Прамы, роўны, без выгібаў. Улетку .. [Тамара з Юркам] выпраўляліся на шашу, якая ідзе паўз самую вёску, простая, як страла. Ермаловіч. Бацькавы забінтаваныя ногі ляжалі простыя і тоўстыя, як бярвенні. Крапіва.

11. Яўны, адкрыты. — Падумаць трэба, — ухіліўся Мартын ад простага адказу. Колас.

12. Разм. Не спутаны (пра каня). — Кось, кось, кось!.. — крычыць малы, ідучы за простым канём, выставіўшы шапку, каб падманіць, што дасць аўса. Калюга.

•••

Простая мова гл. мова.

про́сценькі, ‑ая, ‑ае.

Памянш.-ласк. да просты (у 2–4 знач.).

про́сып, ‑у, м.

Разм. У выразе: без просыпу — а) не прачынаючыся; б) не працвярэжваючыся.

про́сьба, ‑ы, ж.

Зварот да каго‑н. з заклікам задаволіць якія‑н. патрэбы, жаданні. Просьбу дзяўчыны з політэхнічнага інстытута.. перадаць прывітанне Паходню я выканаў у першы ж вечар. Хадкевіч. [Кацярына:] Павесьце яго, пане, на клёне перад акном нашай хаты. [Пан Яндрыхоўскі:] Гэту просьбу я з прыемнасцю выканаю. Крапіва.

про́сьбіт, ‑а, М ‑біце, м.

Уст. Той, хто звяртаецца з просьбай, прашэннем да каго‑н. або куды‑н.

про́сьбітка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Уст. Жан. да просьбіт.

про́ська, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ просьцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. зневаж. Той, хто дакучае просьбамі, выпрошвае што‑н.; папрашайка.

прота..., (а таксама прата...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: 1) словам: «першапачатковы», «першасны», напрыклад: протагісторыя, протанеаліт, прататып; 2) словам: «вышэйшы», «старэйшы», «галоўны», напрыклад: протадыякан, протаіерэй, пратапоп.

[Грэч. prōtos — першы.]

протагістары́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які мае адносіны да протагісторыі. Протагістарычны перыяд.

протагісто́рыя, ‑і, ж.

Кніжн. Дагістарычны перыяд жыцця чалавецтва.