Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лот 1, ‑а, М лоце, м.

Навігацыйны прыбор для вымярэння глыбіні вады з борта судна. Ручны лот. Механічны лог.

[Гал. lood.]

лот 2, ‑а, М лоце, м.

Адзінка вагі, роўная прыблізна 12 г, існаваўшая да ўвядзення метрычнай сістэмы.

[Ням. Lot.]

ло́тас, ‑а і ‑у, м.

Паўднёвая шматгадовая травяністая водная расліна сямейства лотасавых з прыгожымі буйнымі кветкамі. // ‑у, зб. Зараснік гэтай расліны.

[Грэч. lōtés.]

ло́тасавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лотаса.

2. у знач. наз. ло́тасавыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якога адносіцца лотас.

ло́таць, ‑і, ж.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства казяльцовых з жоўтымі кветкамі, якая расце на балотах, берагах сажалак і інш. За ракою, дзе ўчора Снег вясна мяла, Сёння залатое мора — Лотаць расцвіла. Лойка.

ло́тлінь, ‑я, м.

Трос, вяроўка, прымацаваныя да грузу лота ​1.

[Гал. loodlijn.]

ло́тра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю). ж.

Разм. лаянк. Тое, што і латруга.

лоўж, лаўжа, м.

Галлё, скінутае ў кучу; куча галля. Іпатыч і Гіль падбіралі ссечаныя галіны і сцягвалі ў лоўж. Гамолка. Драбналессе было старанна высечана. Яно сохла ў маленькіх лаўжах. Сачанка.

ло́ўкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць лоўкага.

ло́ўкі, ‑ая, ‑ае.

Спрытны, умелы. Быстра слізгацяць душагубкі па люстранай вадзе пад лоўкімі ўзмахамі вёсел прывычных палешукоў і паляшучак. Колас. Баратар не знаў раўкі — Да таго быў лоўкі. Гілевіч.

ло́ўля, ‑і, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. лавіць (у 2 знач.).