до́казны, ‑ая, ‑ае.
1. Які можа быць даказан. Доказнае палажэнне.
2. Які з’яўляецца добрым доказам, пацвярджае што‑н.; пераканаўчы, грунтоўны. Доказная аргументацыя. Доказнае пярэчанне.
до́кер, ‑а, м.
Партовы рабочы ў некаторых краінах. Забастоўка докераў.
[Англ. docker.]
до́ктар, ‑а; мн. дактары́ (з ліч. 2, 3, 4 до́ктары), ‑о́ў; м.
Разм. Урач, лекар. Ёсць бальніца, у бальніцы — І доктар, і фельчар, Хто прыходзіць ці прывозяць — Хворых лечаць, лечаць. Купала.
•••
Доктар навук якіх — самая высокая вучоная ступень у СССР; асоба, якой прысуджана гэта ступень. Доктар філалагічных навук.
[Ад лац. doctor — настаўнік, выкладчык.]
до́ктараў, ‑ава.
Які належыць доктару. Доктарава кватэра. □ Зноў затрашчаў вясёлы агеньчык. Асвяціў схіленую доктараву постаць. Шамякін.
до́ктарскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да доктара, дактароў, належыць ім. Доктарскія парады хвораму. Доктарскія інструменты.
2. Звязаны з вучонай ступенню доктара навук. Доктарская дысертацыя.
до́ктарства, ‑а, н.
1. Дзейнасць доктара, урача.
2. Вучоная ступень доктара навук.
до́ктарыха, ‑і, ДМ ‑рысе, ж.
Разм. Жонка доктара.
дол, ‑у, м.
1. Паверхня зямлі, зямля. Схіліцца к долу. Апусціцца на дол. □ Расце земляны вал, ніжэй у дол уваходзяць землякопы. Колас. Лугавінай, чвякаючы чаравікамі па мокрым доле, хлопцы дабіраюцца да ручая. Навуменка. // Падлога ў памяшканні, звычайна земляная. Укрыты металічнымі плітамі дол падмецены, паліты вадою. Карпаў. І толькі самае малое не зважала ні на што, поўзала сабе ракам сярод хаты па земляным доле. Лобан.
2. Даліна, нізіна. Сцяжынкі ад усіх хутароў, якія стаяць на доле, бягуць сюды, на ўзгорак, як бы на якую параду. Броўка.
3. Магільная яма. Толькі тады, як цалаваў апошні раз матчыны халодныя вусны, я закрычаў як сам не свой і ледзь не кінуўся следам за труною ў халодны глыбокі дол. Сабаленка. Хавалі бацьку летнім пагодлівым днём. На новым могільніку, пад маладымі бярозамі. На пагорку выкапалі дол. Паўлаў.
до́лам, прысл.
Нізам. Ходзіць вецер долам. Колас.