Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зяха́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.

Разм. Хапаць паветра раскрытым ротам. Жанчыны хапаліся рукамі за грудзі і зяхалі разяўленым ротам, як рыба на беразе. Крапіва.

з’яхі́днічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Сказаць што‑н. яхіднае. — Ты што, заўжды так выразна свае думкі выказваеш? — спрабуе .. [Тодар] з’яхіднічаць. Шынклер.

зяхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да зяхаць. Згас стары дзядок без болю, Раз ці два адно зяхнуў. Колас.

зя́цеў, ‑ева.

Які належыць зяцю. Бацька не пайшоў з вяселлем, з дачкою, у зяцеву хату. Чорны.

зяцёк, зяцька, м.

Памянш.-ласк. да зяць.

зяць, ‑я; мн. зяці, ‑ёў; м.

Муж дачкі. І хоць у кожным пісьме дачка з зяцем запрашала і прыехаць да іх жыць або хоць у госці, Аляксандра Пятроўна ўсё не згаджалася. Каршукоў. Зяць на двор — чарка на стол. Прыказка.

з-за, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «з-за» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні напрамку руху ці дзеяння адкуль‑н., з чаго‑н., з процілеглага боку чаго‑н. Сонца ўзнялося з-за лесу. Выняць рукавіцы з-за пояса. Гукаць з-за дзвярэй. Дом віднеецца з-за агароджы. □ З-за сцэны даносіўся рознагалосы шум. Асіпенка. Марудна з-за кустоў маліны Выходзіць буры малады мядзведзь. Багдановіч.

2. Ужываецца пры абазначэнні руху ад таго прадмета, за якім хто‑н. знаходзіўся. Перакусіўшы, Рыгор вылез з-за стала і выйшаў з хаты. Гартны.

Прычынныя адносіны

3. Ужываецца пры ўказанні на прычыну або падставу дзеяння. Спрачацца з-за дробязей. □ — Табе трэба былі гэтыя ваўкі, — упікнула жонка Лявона, упэўненая, што дзед прастудзіўся толькі з-за аблавы на ваўкоў. Ермаловіч. // Ужываецца пры ўказанні на асобу, якая з’яўляецца прычынай чаго‑н. З-за яго столькі непрыемнасцей. □ — Чытай, чытай! — сказаў малому Багдан. — Не пакідай кніжку з-за мяне. Кулакоўскі.

з-над, прыназ. з Р.

Ужываецца пры абазначэнні прадмета ці месца, зверху або з верхняй часткі якога накіравана дзеянне, рух. З-над ракі даносіцца песня. □ Мо вецер з-над Рэйну, Дунаю тут плача заўсёды з тугі? Танк.

з-пад і (перад збегам зычных) з-па́да, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «з-пад» («з-пада») выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні прадмета ці месца, знізу або з ніжняга боку якіх накіравана дзеянне, рух. Дастаць з-пад стала. Выцягнуць з-пад куста. Пыл курэў з-пад ног. Глядзець з-пад рукі. □ Закрасуюць з-пад снегу чырвоныя кветкі. Чарот. Дзве доўгія цёмна-русыя касы выбіліся з-пад чырвонай хустачкі. Колас.

2. Ужываецца пры ўказанні на кірунак руху з месца, якое знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад прадмета, названага залежным словам. Выскачыць з-пад хвойкі. □ З-пад пільні ўсе пайшлі дарогай паміж поля і лесу. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні населенага пункта, з раёна якога хто‑н. накіроўваецца, з’яўляецца, паходзіць і пад. Вецер гнаў хмары з-пад Налібок. □ — А быў сярод нас удалец такі, Марка Балук з-пад Цернішч. Колас.

Аб’ектныя адносіны

3. Ужываецца пры ўказанні на прыладу, з дапамогай якой што‑н. робіцца, ствараецца, атрымліваецца. З-пад разца паўзе стружка. Гукі льюцца з-пад смыка. З-пад пяра пісьменніка выходзілі новыя і новыя кніжкі паэзіі. // Ужываецца пры ўказанні на вытворцу дзеяння. З-пад яго рук усё выходзіць вельмі спраўна. Скрыган. Сілівон .. выстругваў зуб’е для грабляў. Зубы выходзілі з-пад яго рук нібы точаныя. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні якасці чаго‑н. шляхам указання на спосаб стварэння, на прыладу ці інструмент, з дапамогай якога што‑н. было створана. Мэбля нязграбная, як з-пад тапара. □ Гарнітур з-пад іголкі і кашуля з узорам на дзіва. Броўка.

4. Ужываецца пры абазначэнні якога‑н. стану ці становішча, ад якога хто‑, што‑н. вызваляецца (звычайна ў спалучэннях з дзеясловамі «выйсці», «вырвацца», «вызваліць», «вызваліцца» ці словамі з такім жа значэннем). Уцячы з-пад расстрэлу. Вызваленне з-пад прыгнёту. □ Хацелася хутчэй выскачыць з-пад перастрэлкі позіркаў. Грахоўскі.

Азначальныя адносіны

5. Ужываецца пры характарыстыкі прадмета шляхам указання на яго былое прызначэнне. Бутэлька з-пад малака. Бочка з-пад селядцоў. Вагоны з-пад вугалю.

Акалічнасныя адносіны

6. У асобных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Працавалі з-пад палкі. Вырас як з-пад зямлі. □ Неяк усё сышлося адразу, як з-пад маланкі. Чорны. Адважыўся на смелы крок: з-пад носа кралю павалок! Колас.

з-па́-над, прыназ. з Р.

Ужываецца пры ўказанні на кірунак руху з прасторы, якая знаходзіцца над месцам, названым залежным словам. Там, угары,.. з-па-над Нёмна сяло глядзела. Колас.