з-пад і (перад збегам зычных) з-пада, прыназ. з Р.
Спалучэнне з прыназоўнікам «з-пад» («з-пада») выражае:
Прасторавыя адносіны
1. Ужываецца пры абазначэнні прадмета ці месца, знізу або з ніжняга боку якіх накіравана дзеянне, рух. Дастаць з-пад стала. Выцягнуць з-пад куста. Пыл курэў з-пад ног. Глядзець з-пад рукі. ▪ Закрасуюць з-пад снегу чырвоныя кветкі. Чарот. Дзве доўгія цёмна-русыя касы выбіліся з-пад чырвонай хустачкі. Колас.
2. Ужываецца пры ўказанні на кірунак руху з месца, якое знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад прадмета, названага залежным словам. Выскачыць з-пад хвойкі. ▪ З-пад пільні ўсе пайшлі дарогай паміж поля і лесу. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні населенага пункта, з раёна якога хто‑н. накіроўваецца, з’яўляецца, паходзіць і пад. Вецер гнаў хмары з-пад Налібок. ▪ — А быў сярод нас удалец такі, Марка Балук з-пад Цернішч. Колас.
Аб’ектныя адносіны
3. Ужываецца пры ўказанні на прыладу, з дапамогай якой што‑н. робіцца, ствараецца, атрымліваецца. З-пад разца паўзе стружка. Гукі льюцца з-пад смыка. З-пад пяра пісьменніка выходзілі новыя і новыя кніжкі паэзіі. // Ужываецца пры ўказанні на вытворцу дзеяння. З-пад яго рук усё выходзіць вельмі спраўна. Скрыган. Сілівон .. выстругваў зуб’е для грабляў. Зубы выходзілі з-пад яго рук нібы точаныя. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні якасці чаго‑н. шляхам указання на спосаб стварэння, на прыладу ці інструмент, з дапамогай якога што‑н. было створана. Мэбля нязграбная, як з-пад тапара. ▪ Гарнітур з-пад іголкі і кашуля з узорам на дзіва. Броўка.
4. Ужываецца пры абазначэнні якога‑н. стану ці становішча, ад якога хто‑, што‑н. вызваляецца (звычайна ў спалучэннях з дзеясловамі «выйсці», «вырвацца», «вызваліць», «вызваліцца» ці словамі з такім жа значэннем). Уцячы з-пад расстрэлу. Вызваленне з-пад прыгнёту. ▪ Хацелася хутчэй выскачыць з-пад перастрэлкі позіркаў. Грахоўскі.
Азначальныя адносіны
5. Ужываецца пры характарыстыкі прадмета шляхам указання на яго былое прызначэнне. Бутэлька з-пад малака. Бочка з-пад селядцоў. Вагоны з-пад вугалю.
Акалічнасныя адносіны
6. У асобных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Працавалі з-пад палкі. Вырас як з-пад зямлі. ▪ Неяк усё сышлося адразу, як з-пад маланкі. Чорны. Адважыўся на смелы крок: з-пад носа кралю павалок! Колас.